Мінскі абласны суд звярнуў увагу суддзяў на неабходнасць выканання моўнага заканадаўства
Пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў Мінскі абласны суд даклад салігорскіх праваабаронцаў аб выкананні правоў беларускамоўных грамадзян у рэгіёне. Азнаёміўшыся з пытаннямі, прадстаўленнымі ў дакладзе, Мінскі абласны суд звярнуў увагу суддзяў Мінскай вобласці на неабходнасць выканання патрабаванняў моўнага заканадаўства ў судаводстве і падчас судовых працэсаў.
Варта адзначыць, што салігорскія праваабаронцы ў сваім дакладзе звярталі асабалівую ўвагу на недаступнасць інфармацыі ў судзе Салігорскага раёна для беларускамоўных грамадзян. У абсалютнай большасці выпадкаў такая інфармацыя мае толькі рускамоўны варыянт. Судовыя паседжанні з удзелам беларускамоўных грамадзян адбываюцца на рускай мове, а адпаведныя хадайніцтвы адхіляюцца. У вельмі рэдкіх выпадках грамадзянам могуць прадставіць перакладчыка. Суддзі ж і работнікі суда размаўляюць з беларускамоўнымі наведвальнікамі ўставновы па-руску.
У сваім адказе салігорскім прадстаўнікам БХК Мінскі абласны суд прызнаў, што любыя абмежаванні правоў удзельнікаў судовага працэсу, абумоўленыя няведаннем мовы або недастатковым валоданнем мовы, на якой вядзецца справа, недапушчальныя. Па словах старшыні Мінскага абласнога суда В. П. Крайко, на неабходнасць няўхільнага выканання гэтага патрабавання была звернута асаблівая ўвага суддзяў Мінскай вобласці.