Салігорскія супрацоўнікі ДАІ пачалі засвойваць беларускую мову
Барацьба салігорскага аўтааматара Аляксандра Малочкі за выкананне мясцовымі супрацоўнікамі ДАІ сваіх службовых абавязкаў у адпаведнасці з патрабаваннямі моўнага заканадаўства пачынае прыносіць свае першыя вынікі.
Нагадаем, напрыканцы чэрвеня спадар Малочка быў спынены за дробнае правапарушэнне мясцовымі супрацоўнікамі ДАІ. Мець зносіны з імі салігорац пажадаў на беларускай мове, але дзяржаўныя службоўцы не здолелі нават пратакол аб правапарушэнні скласці па-беларуску. Пасля адпаведнай скаргі ў пракуратуру і сустрэчы Аляксандра Малочкі з кіраўніком салігорскай дзяржаўтаінспекцыі сітуацыя пачала змяняцца.
- Некалькі дзён таму я атрымаў з ДАІ позву, цалкам напісаную на беларускай мове. Сёння быў у аддзяленні, дзе на мяне паўторна склалі пратакол. Бланк быў рускамоўны, але запоўнілі яго па-беларуску. Запіс у часовае пасведчанне таксама быў зроблены на беларускай мове. Нават інспектар, які яго выпісваў, звяртаўся да мяне па-беларуску. Там, канешне, хапала граматычных памылак і рускіх словаў, запісаных на беларускі капыл, але ўсё ж такі я быў прыемна ўражаны, - кажа Аляксандр Малочка.
Зрэшты, з самім пратаколам салігорац зноўку не пагадзіўся, бо згодна афіцыйнаму адказу на скаргу ў пракуратуру адміністрацыйная справа ў дачыненні яго ўжо была спынена. Да таго ж Аляксандр Малочка перакананы, што прад’яўленае яму абвінавачванне ў выкарыстанні шторак супярэчыць адпаведнаму тэхнічнаму рэгламенту.