Бабруйск: суд прызнаў факт нанясення маральнай шкоды сябрам СПБ
Больш за год таму на інфармацыйных стэндах заводу ТДіА былі размешчаны плакаты, на якіх сябры СПБ былі "апрануты", з дапамогай фоташопу, у форму афіцэраў СС. Гэтая “творчасць” прадстаўнікоў завадской адміністрацыі абразіла свабодаўцаў, і яны выказалі намер звярнуцца ў міліцыю. Але там справу праз нейкі час закрылі з-за немагчымасці знайсці аўтараў плакатаў.
Старшыня завадской суполкі СПБ Міхаіл Кавалькоў тады адзначаў, што адзін з плакатаў правісеў чатыры дні на прахадной прадпрыемства наўпрост перад камерай відэаназірання.
Супрацоўнікі УУС накіравалі плакаты на экспертызу, там прызналі, што яны сапраўды абражаюць гонар і годнасць. Нечакана адказнасць за выраб плакатаў узяў на сябе начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю заводу ТДіА Аляксандр Шункевіч. Сябры СПБ звярнуліся ў суд.
Тры судовыя паседжанні прайшлі ў бягучым месяцы, апошняе адбылося ўчора, 30 ліпеня. Справу разглядала суддзя Ганна Герман. У якасці адказчыка праходзіў Аляксандр Шункевіч, у якасці сведкі Уладзімір Елісеенка, ідэолаг, ён жа намеснік дырэктара па кадрах.
На судзе Аляксандр Шункевіч сцвярджаў, што яго мэтай было "павесяліць людзей", таму ён і "апрануў" сябраў СПБ у форму афіцэраў СС. Казаў, што гэта быў яго адказ на галадоўку свабодаўцаў, якую ён лічыць фіктыўнай, гэткім "кіно".
Пасля разбіральніцтваў суд Ганна Герман празнала факт нанясення маральнай шкоды.
- Завод ТДіА павінен выплаціць на маю карысць 1 мільён 440 тысячаў рублёў, - распавёў Міхаіл Кавалькоў. - У гэтую суму ўвайшла кампенсацыя маральных пакутаў, юрыдычная кансультацыя і аплата дзяржаўнага мыта. Але маёй мэтай і не было атрымаць вялікую суму грошай. Мне было важна, каб супрацоўнікаў завадской адміністрацыі прызналі вінаватымі. Таму вынікам суда я цалкам задаволены, - адзначыў старшыня завадской суполкі СПБ.