У Брэсце змагаюцца за навучанне на беларускай мове
У новым навучальным годзе ў горадзе з’явіцца з’явіцца беларускамоўны пяты клас, які створаны ў сярэдняй школе №29. Пакуль у ім толькі пяцёра вучняў, якія пажадалі атрымліваць веды па-беларуску.
Раней адзіны у Брэсце клас, дзе ўсе прадметы выкладаліся на роднай мове, быў сфармаваны ў 2011 годзе і знаходзіўся ў пачатковай школе №34. Аднак сёлета дзеці скончылі чацвёрты клас, пасля чаго мусяць пачацца заняткі па профільных прадметах. Лёс далейшага беларускамоўнага навучання ў горадзе заставаўся няпэўным, і існавала верагоднасць таго, што яно ўвогуле знікне.
Бацькі 10-гадовага Францішка Вялічкіна прыклалі вялікія намаганні, каб захаваць беларускамоўны клас, і абыйшлі шэраг школ у Маскоўскім раёне Брэста. У выніку яны знайшлі паразуменне з настаўнікамі СШ №29: гэтая навучальная ўстанова вызначаецца высокім узроўнем выкладання і паглыбленным вывучэннем матэматыкі, англійскай мовы і эканомікі. “Адміністрацыя і настаўнікі 29-й школы вельмі пазітыўна паставіліся да ідэі з’яўлення ў ёй беларускамоўнага класа, і гэта паўплывала на канчатковае рашэнне з выбарам школы”, - распавяла Маргарыта Вялічкіна.