viasna on patreon

Удзельнікаў Летняй Школы Руху “За Свабоду” пільна даглядзелі на мяжы

2015 2015-08-31T14:10:20+0300 2015-08-31T14:10:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/miazha-kantrol.jpg

Увечары 29 жніўня, у суботу, на літоўска-беларускай мяжы быў затрыманы аўтобус з 25 маладымі людзьмі, якія вярталіся з Летняй Школы Руху “За Свабоду” пад Вільняй.

На беларускім баку супрацоўнікі памежнай службы зладзілі пільны дагляд дакументаў ва ўсіх пасажыраў. У прыватнасці, іх цікавілі ўсе матэрыялы, звязаныя з праграмай навучання ў Летняй Школе. Дагляд доўжыўся каля дзвюх гадзінаў, пасля чаго аўтобус змог працягнуць рух.

Пятая па ліку Летняя Школы Руху «За Свабоду» прайшла 22-29 жніўня. Тэматыка навучання Школы мяняецца штогод. Сёлета яна гучала такім чынам – «Нацыянальны брэнд Беларусі». Мэтай было абмеркаваць складнікі брэнда Беларусі, выпрацаваць шляхі фармавання пазітыўнага вобразу Беларусі сярод замежнікаў, прааналізаваць прыклады выкарыстання нацыянальных адметнасцяў як паспяховых маркетынгавых крокаў.

Выкладчыкамі і гасцямі Школы сталі вядомыя беларускія эксперты і грамадскія дзеячы – Уладзімір Арлоў, Аляксандр Класкоўскі, Сяргей Скараход, Андрэй Лянкевіч, Франак Вячорка, Рыгор Астапеня, Андрэй Стрыжак, Валярына Кустава, Юрась Жыгамонт, Зміцер Карэнка, Марына Бароўка ды іншыя.

Тэмамі лекцый былі: «Soft power, публічная дыпламатыя і брэндынг», «Гібрыдныя кампаніі і прыёмы працы ў сацыяльных сетках па прамоцыі беларушчыны», «На чым варта будаваць інівестыцыйны брэнд Беларусі?», «Рэкламныя і брэндынгавыя кампаніі ў Беларусі», «Творчы чалавек як брэнд краіны», «Беларусь: перспектывы развіцця», «Беларусы вачыма сацыялогі і статыстыкі».

Моладзь мела магчымасць спалучыць адпачынак і навучанне, распавёў дырэктар Летняй Школы, намеснік старшыні Руху Алесь Лагвінец. Слухачоў Школы чакаў візіт у мэрыю Трокаў, а ў Вільні – экскурсія ў музей ахвяраў сталінізму і па беларускіх мясцінах літоўскай сталіцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства