“Amnesty International” асудзіла закрыцьцё беларускімі ўладамі “Вясны-96”
AMNESTY INTERNATIONAL
Афіцыйная заява
29 кастрычніка 2003
Беларусь: І потым не засталося ніводнага
Сёньня “Amnesty International” асудзіла закрыцьцё беларускімі ўладамі адной з найбольш выдатных праваабарончых арганізацый, “Вясны-96” як наступны крок у падаўленьні астаткаў праваабарончай супольнасьці ў Беларусі.
“На працягу 2003 году беларускія праваабаронцы сутыкаліся з усё большым перасьледам і запужваньнем з боку ўладаў з мэтай поўнага здушэньня. “Вясна-96” яшчэ адна арганізацыя, якая ўчора стала ахвярай гэтай кампаніі”, заявіла “Amnesty International”.
Восем сяброў “Вясны-96”, сустрэлі гэтае рашэньне Вярхоўнага суда Беларусі мірным пратэстам, сеўшы на падлогу. Яны былі затрыманыя міліцыяй, а потым вызваленыя. Чакаецца, што сёньня яны паўстануць перад судом за несанкцыянаваную акцыю пратэсту й могуць атрымаць да 15 сутак зьняволеньня, у выпадку якога “Amnesty International” будзе лічыць іх вязьнямі сумленьня.
За апошнія месяцы хвалюючая колькасьць недзяржаўных арганіхзацый (НДА), якія прама ці ўскосна прапагандавалі й абаранялі правы чалавека ў Беларусі, былі зьліквідаваныя судовымі ворганамі, сумнеў у незалежнасьці якіх неаднаразова выказваўся міжнароднай супольнасьцю.
“Вясна-96” была зачыненая Беларускім Вярхоўным судом па самай нязначнай і незаконнай фармальнай падставе. Усім зразумелая прыхаваная матывацыя, якая стаіць за ўчарашнім вердыктам”, -- заявіла “Amnesty International”.
Як і ў выпадку некаторых іншых праваабарончых НДА, суд прызнаў “Вясну-96” вінаватай у парушэньні шэрагу палажэньняў вельмі спрэчнага закона, які строга рэгламентуе дзейнасьць грамадскай супольнасьці. У адным выпадку, суд нібыта прызнаў “Вясну-96” вінаватай у прадстаўленьні ў судзе інтарэсаў асобаў, якія не зьяўляліся сябрамі арганізацыі.
На пачатку верасьня па гэткіх жа надуманых прычынах была зачыненая “Прававая дапамога насельніцтву”, іншая праваабарончая арганізацыя, сябры якой актыўна займаліся высьвятленьнем лёсу “зьніклых” апазіцыйных палітыкаў.
Толькі ў жніўні два рэсурсныя цэнтры, “Грамадскія Ініцыятывы” й “Ратуша”, былі зьліквідаваныя беларускімі ўладамі, у той час як уплывовы Беларускі Хельсінскі Камітэт атрымаў афіцыйнае папярэджаньне ад Міністэрства Юстыцыі за адсутнасьць двукосься ў імені арганізацыі на арганізацыйных бланках і сімволіцы.
“Немагчыма выдумаць больш дробныя падставы для апраўданьня ўціску беларускай праваабарончай супольнасьці, чым выкарыстаныя беларускімі ўладамі. У сьвятле гэтых неаднаразовых атак любыя сьцьверджаньні, што Беларусь зьяўляецца прававой дзяржавай, дзе паважаюцца правы чалавека, зьяўляюцца фарсам”, -- заявіла “Amnesty International”.
Пагрозы зыкрыцьця ў адносінах да праваабарончых арганізацый неаднаразова ставалі прадметам крытыкі для міжнародных структур, у тым ліку Еўразьвяза й Арганізацый Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Еўропе.
“Amnesty International” заклікае беларускія ўлады дазволіць правабаронцам краіны ажыцьцяўляць сваё права аб’яднаньня й мірных сходаў без пагрозы перашкодаў, перасьледу, запужваньня або рэпрэсалій.