У збіцці аднаго з «графіцістаў» Следчы камітэт крыміналу не знайшоў
Яраславу Ульяненкаву, аднаму з затрыманых па «справе графіцістаў» адмовілі ў завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянтаў.
У паперы за подпісам А. Вараб’я, старшага следчага Фрунзенскага раённага аддзела Следчага камітэта, паведамляецца, што па факту збіцця пры затрыманні праведзена праверка. Па выніках гэтай праверкі ў завядзенні крымінальнай справы адмоўлена, бо ў дзеянні міліцыянтаў адсутнічаў склад злачынства.
«Прычым, я звяртаўся да дактароў, сляды збіцця былі зафіксаваныя на рэбрах і нагах. Але ж вось такі адказ мне даслалі», — кажа Яраслаў. Ён плануе абскардзіць адмову.
Да таго ж абвінавачаныя і падазраваныя па «справе графіцістаў» накіравалі скаргу кіраўніку Следчага камітэта і ў Генпракуратуру на публікацыю, размешчаную на сайце Следчага камітэта пад назвай «Следчым камітэтам працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб хуліганскіх дзеяннях і пашкоджанні маёмасці ў сталіцы».
Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў і Яраслаў Ульяненкаў расцэньваюць навіну на сайце Следчага камітэта як прамое парушэнне іх прэзумпцыі невінаватасці і права на абарону, а таксама як абразу іх гонару і годнасці.