Мікалай Дзядок: Правілы распарадку за кратамі скіраваныя на знішчэнне чалавека (відэа)
ПЦ "Вясна" правёў інтэрв'ю з нядаўнімі палітвязнямі пра час, праведзены за кратамі і праблемы, з якімі яны там сутыкнуліся. Першыя сведчанні - ад Мікалая Дзядка.
Былы палітвязень зведаў шматлікія катаванні і ўціскі за час знаходжання за кратамі. Ён неаднаразова змяшчаўся ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу па надуманых прычынах, пры гэтым спрабаваў адстойваць свае правы і ў месцах пазбаўлення волі.
Па словах Мікалая Дзядка, большасць вольнага часу ў арыштантаў уходзіць альбо на працу, альбо на рэжымныя мерапрыемствы. Гэта адна з формаў абмежавання вольнага часу для асуджаных.
“Адно з новаўвядзенняў у сувязі з сумнавядомым дыкрэтам прэзідэнта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” – стоадсоткавы выхад на працу ўсіх арыштантаў. Усе яны павінны кожны дзень праводзіць 8 гадзін на прамысловай зоне ў незалежнасці ад таго ці ёсць праца. Што тычыцца заробкаў – іх няма наогул, бо 90 адсоткаў арыштантаў атрымліваюць у межах 50 тысяч рублёў у месяц. Існуюць адзінкавыя спецыяльнасці, дзе можна атрымаць больша за мільён беларускіх рублёў. Да 70 адсоткаў могуць быць вылічаныя за пакрыццё матэрыяльнага пазову па справе. Гэта ўжо агульнапрынятая практыка”.
Асноўная прычына з якой адміністрацыя характарызавала Мікалая Дзядка як злостнага парушальніка – адмова актывіста ад звышурочнай і незаконнай працы.
“У калоніі ПК-15 у горадзе Горкі я працаваў на дрэваапрацоўцы – вырабляў драўляныя паддоны. На той момант на мяне яшчэ не было такога моцнага адміністраціўнага ўціску, які пачаўся пазней. Я гэта звязваю з тым, што тады быў толькі-толькі прызнаны палітвязнем. І ціск пачаў узмацняцца па меры таго, як стала ўсё больш публікацый у СМІ, больш важнасці надавалася нашым персонам.
І пачалося ўсё рабіцца па законе. А па законе азначае вельмі жорстка. Правілы ўнутранага распарадку і крымінальна-выканаўчы кодэкс пабудаваны ў калоніях такім чынам, што чалавека можна цалкам знішчыць.
У папраўчай калоніі ў Шклове мяне адправілі таксама працаваць на дрэваапрацоўку. Каля месяца я прапрацаваў, але пасля адмовіўся, бо мяне, як і іншых зняволеных, прымушалі працаваць звышурочна – болей, чым гэта дазволена па законе. І ўсе маўчалі, усіх гэта задавальняла. Тады я, палістаўшы крымінальна-выканаўчы кодэкс, вырашыў, што працаваць па суботах я не буду. Адмовіўся ад працы, за што атрымаў 6 месяцаў памяшкання камернага тыпу, а дасядзеўшы іх адразу з’ехаў на так званую крытую, то бок на турэмны рэжым.
Ужо на турэмным рэжыме на мяне ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле 411 і адправілі ў ПК-9 у Горках з дадатковым годам зняволення. Там я зноў трапіў на дрэваапрацоўку. Адміністрацыя матывавала гэта тым, што я ўжо спецыяліст і маю досвед у гэтай сферы. Але ж у крымінальна-выканаўчым кодэксе напісана, што арыштанта трэба па магчымасці ўладкоўваць па яго спецыяльнасці. Па адукацыі я юрыст-прававед. Я ведаў, што ў зоне хапае пасадаў не чыста юрыдычных, але тых, дзе юрыдычныя веды ці вопыт працы з паперамі можа спатрэбіцца. Я стаў дабівацца ад адміністрацыі каб мяне туды працаўладкавалі альбо плацілі даробак не ніжэй за ўстаноўлены заканадаўствам. Мне адмовілі, матывуючы гэта тым, што мае патрабаванні не законныя. Але я ведаў, што гэта не так, бо гэта ўсё прапісана ва КВК.
Пасля дзесьці пяці адмоваў і двух месяцаў у штрафным ізалятары мяне адправілі на 6 месяцаў у памяшканне камернага тыпу, як вельмі злоснага парушальніка з-за таго, што я ўвесь час адмаўляюся ад працы, а гэта мой святы абавязак. Нібыта” .
Мікалай Дзядок быў узяты пад варту з 3 верасня 2010 года, асуджаны 27 траўня 2011 года судом Заводскага раёна Мінску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэннем суду ад 5 снежня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання яму былі змененыя на больш жорсткія - пераведзены з калоніі №17 Шклова ў турму №4 Магілёва. У лістападзе 2014 года на вязня завялі новую крымінальную справу па 411-м артыкуле за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” і 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволенне на 1 год і 3 дні. Да вызвалення адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №9 горада Горкі, дзе 42 сутак з 50-ці ён знаходзіўся ў ШІЗА «за парушэнні рэжыму адбыцця пакарання» і «адмовы ад працы», пасля чаго быў пераведзены ў ПКТ. 22 жніўня выйшаў на волю паводле ўказа прэзідэнта аб памілаванні шасці палітвязняў.