viasna on patreon

У Барысаве аштрафавалі футбольных фанатаў

2015 2015-10-13T23:16:00+0300 2015-10-14T09:13:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/barysau-arena-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
На трыбунах "Барысаў-арэны". Фота www.pressball.by

На трыбунах "Барысаў-арэны". Фота www.pressball.by

Разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых пад час футбольнага матча адборачнага турніру Чэмпіяната Еўропы па футболе Беларусь — Македонія Зміцера Хведарука, Віталя Будзько і Юрыя Пархоменкі пачаўся ў судзе Барысаўскага раёна ў 16-00. Справы  разглядае суддзя А. Болатаў. Затрыманыя дастаўленыя ў суд.

Затрыманне адбылося пасля заканчэння першага тайму гульні. Да заўзятараў падыйшлі супрацоўнікі міліцыі й папрасілі прыбраць з вопраткі бела-чырвоныя шалікі з выявай герба Пагоня. Гэта выклікала ў аматараў футболу адпаведную рэакцыю: яны запатрабавалі патлумачыць якія нормы закону парушаюцца нашэннем шалікаў. У адказ ім было прапанавана выканаць просьбу міліцыі, каб “пазбегнуць праблемаў і даглядзець матч да канца”. Моўная спрэчка скончылася гвалтоўным затрыманнем хлопцаў.

У Барысаўскім РУУС у адносінах да кожнага затрыманага былі складзены ідэнтычныя па зместу пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні артыкулаў КаАП 17. 1 (дробнае хуліганства), 23. 4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі). Па словах міліцыянтаў парушэнне грамадзкага парадку выявілася ў брыдкаслоўі й адмове рэагаваць на заўвагі супрацоўнікаў сілавых структураў. Таксама міліцыянты казалі ў судзе аб тым, што заўзятары аказалі супраціў пры затрыманні: “упіраліся нагамі”, “махалі рукамі”, “садзіліся”, “падымалі ногі, каб іх неслі”.

На баку абвінавачання ў якасьці сведкаў па ўсіх трох справах выступілі два байцы аддзялення АМАП УУС Мінаблвыканкаму. Інтарэсы затрыманых прадстаўляла адвакатка. На карысць заўзятараў давалі свае паказанні два сведкі, прысутных падчас футбольнага матчу.

Суд, які пачаўся а 16 гадзіне, скончыўся позна ўвечары, а 20. 30. У выніку ўсіх трох пакаралі штрафам у памеры 10 базавых велічынь: па 3 базавых за “мат” і 7 базавых за “непадпарадкаванне”.

Праваабаронца з Барысава Алег Мацкевіч адзначае, што “ў Беларусі выкарыстаньне артыкулаў КаАП супрацоўнікамі міліцыі з мэтай ціску на палітычна актыўных грамадзянаў, футбольных фанатаў і нефармальных лідэраў мае масавы характар ужо доўгі час. Нагэтулькі доўгі, што аб гэтым ведаюць нават за межамі краіны. Напрыклад, у КПЧ ААН, куды неаднойчы звярталіся беларусы, незаконна прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці за свае погляды”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства