viasna on patreon

Акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Гарадку скончылася затрыманнем удзельнікаў

2015 2015-10-30T10:22:56+0300 2015-10-30T10:27:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/haradok-akcyia-2015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Гарадку.

Акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Гарадку.

29 кастрычніка – дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў. Правядзенне ў гэты дзень несанкцыянаванай мясцовымі ўладамі акцыі ў Гарадку было спыненая міліцыянтамі праз дваццаць – дваццаць пяць хвілін ад яе пачатку. Акцыю ладзіў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.

Імпрэза праводзілася у цэнтры гораду, насупраць гарвыканкаму, у сквэры ля помніку літаратурнаму герою палясоўшчыку Тарасу з твору Канстантына Вераніцына «Тарас на Парнасе». Ля падножжа помніку ў памяць рэпрэсаваных беларусаў Леанід Аўтухоў запаліў некалькі зьнічак і разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг, а пасьля пачаў чытаць загадзя падрыхтаваны тэкст, у якім распавядаў пра падзеі 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Акцыя распачалася а 17-й гадзіне, якраз у той час, калі людзі вярталіся з працы. Але ніхто, апроч знаёмай Леаніда Аўтухова Алены Радкевіч, спыніцца побач зь ім так і не наважыўся. Відавочную цікавасьць да акцыі праявіла група падлеткаў, спыніцца якім, аднак, не дазволіла жанчына, што іх суправаджала. У хуткім часе, відаць, дзякуючы тэлефоннаму званку нейкай пільнай асобы да пікету пад'ехалі два міліцыянты, якія і даставілі спадара Леаніда і спадарыню Алену ў мясцовы міліцэйскі пастарунак.

Ня здолеўшы знайсьці ў горадзе перакладчыка, які добра валодаў бы беларускай мовай, прыблізна праз гадзіну пасьля затрыманьня супрацоўнікі праваахоўных органаў адпусьцілі актывістаў без складаньня пратаколу.

Вось што сказаў Леанід Аўтухоў з нагоды праведзенай ім акцыі:

«Сёньня знакавая дата для кожнага сьвядомага беларуса. Чорная дата. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году савецкія акупанты зьнішчылі за адну ноч больш за сто прадстаўнікоў беларускай эліты: навукоўцаў, літаратараў, дзяржслужбоўцаў... Нацыі была нанесеная незаменная страта, якая адгукаецца аж дагэтуль. Кожны беларус мусіць памятаць і шанаваць гэты дзень гэтак, як габрэі памятаюць і шануюць Галакост. Таму я лічу сваім абавязкам нагадаць тутэйшым людзям і тутэйшай уладзе пра гэтую чорную дату, бо апошнім часам насельніцтву праз сродкі масавай інфармацыі накідваюцца настальгічныя настроі па часох Савецкага Саюзу. І гэта жахліва, бо больш тэрарыстычнага, бандыцкага рэжыму ў сусьветнай гісторыі папросту не існавала. Але сёньняшняе пакаленьне пра гэта амаль нічога ня ведае. Вяртаньня назад быць не павінна, таму я тут і стаю: хай людзі ведаюць, хай падумаюць і палезуць у інтэрнэт, каб даведацца, што  за падзею сёньня ўшаноўваюць. Тут, у Гарадку, нямала людзей з гэткімі ж, як у мяне, перакананьнямі, але ў сілу вядомых прычынаў я нікога зь іх сюды не запрашаў».

Віцебская вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства