Віцебскія актывісты ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій (фота)
Чатыры з пяці крыжоў, усталяваных на ўзлеску каля вёскі Хайсы віцебскімі актывістамі, ужо знайшліся. Замест пятага ўсталяваны новы – такім чынам 29 кастрычніка грамадзянская ініцыятыва "Хайсы" ўшанавала памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Пяць драўляных крыжоў цягам мінулага года былі ўсталяваныя ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна. Паводле ўспамінаў старажылаў, у гэтых мясцінах у 1937-38 гадах адбываліся "сталінскія расстрэлы", і актывісты ўладкавалі там самаробны мемарыял. Сёлета ў верасні крыжы зніклі.
Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў падаў з гэтай нагоды заяву ў аддзел міліцыі Віцебскага раёна. Група міліцыянтаў і следчых разам з ім выехалі на месца, аднак крыжоў не знайшлі. Праз колькі дзён два з пяці зніклых крыжоў выпадкова знайшоў актывіст Сяргей Каваленка. Паводле ягоных слоў, крыжы былі выламаны з зямлі, іх давялося пачысціць ад бруду, бо пэўны час яны праляжалі ў балоце, і ўжо потым паставіць на ранейшыя месцы.
Пра тое, што два крыжы адшукаліся, Ян Дзяржаўцаў таксама паведаміў у міліцыю. 21 кастрычніка разам з супрацоўнікамі Віцебскага райаддзела актывіст зноў скіраваўся на пошукі. Гэтым разам удалося знайсці яшчэ два крыжы з папсаванага невядомымі вандаламі мемарыяла. Знойдзеныя крыжы таксама ўсталявалі нанова. Міліцыянты запэўнілі актывіста, што будуць шукаць і вандалаў, і апошні зніклы крыж, аднак справы, паводле словаў спадара Дзяржаўцава, заводзіць так і не сталі.
29 кастрычніка група актывістаў вырашыла паставіць на ўзлеску каля вёскі Хайсы новы крыж.
"Тут у лістападзе мінулага года мы знайшлі пяць вялікіх ям, на дне якіх ляжалі чалавечыя парэшткі – косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі. Каля кожнай з ям і ўсталявалі крыжы. Як мне казалі мясцовыя старажылы, у гэтых мясцінах адбываліся сталінскія расстрэлы. Паводле іншых версій, тут могуць быць пахаваныя ахвяры фашысцкіх канцлагераў або нават удзельнікі Вялікай айчыннай вайны. Гэткія меркаванні выказваюць мясцовыя чыноўнікі. Зараз тут працуе адмысловы батальён, які дастае з зямлі чалавечыя парэшткі… Парэшткі бязвінна загінулых людзей. Таму мы лічым неабходным ушанаваць іхную памяць – тут, у гэтых мясцінах, дзе людзі прынялі пакутніцкую смерць", - кажа Ян Дзяржаўцаў.
Ён збірае звесткі пра месцы сталінскіх расстрэлаў ва ўсім Віцебскім раёне. Актывіст запісвае ўспаміны старажылаў, вывучае мясцовасць. Дзякуючы яшчэ аднаму аповеду Ян Дзяржаўцаў даведаўся пра сталінскія рэпрэсіі яшчэ ў адным кутку Віцебшчыны – каля пасёлка Лужасна Віцебскага раёна, ва ўрочышчы "Цёплы лес". 29 кастрычніка і тут з'явіўся крыж у памяць пра ахвяраў сталінскага тэрору.