viasna on patreon

Леанід Судаленка распавёў у Дубліне пра становішча беларускіх праваабаронцаў

2015 2015-11-06T14:17:16+0300 2015-11-06T14:17:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenka_frontlinedefenders.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка выступіў на Восьмай Дублінскай платформы для праваабаронцаў

Леанід Судаленка выступіў на Восьмай Дублінскай платформы для праваабаронцаў

5 лістапада у межах Восьмай Дублінскай платформы для праваабаронцаў на панэлі, прысвечанай сведчанням праваабаронцаў пра ўмовы працы ў розных краінах свету выступіў беларускі праваабаронца Леанід Судаленка. Ён на асабістым прыкладзе паказаў, у якіх умовах існуюць і працуюць праваабаронцы ў Беларусі. 

Праваабаронца пачаў выступ з таго, як у красавіку бягучага году міліцыя правяла ператрусы ў яго кватэры і ў офісе, сканфіскаваўшы пры гэтым шэсць кампутараў па падазрэнні ў распаўсюдзе парнаграфiчных матэрыялаў з яго электроннага адрасу. Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па факце распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў праз сетку Інтэрнэт. Следства заявіла, што парнаграфічныя матэрыялы былі распаўсюджаныя з электроннага адрасу праваабаронцы  і з IP адрасу, які належыць яго арганізацыі.

“Я з'яўляюся беларускім праваабаронцам, на працягу апошніх 15 гадоў абараняю ахвяр парушэнняў правоў чалавека, як на нацыянальным , так і на міжнародным узроўні, дапамагаючы ахвярам падаваць індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ ААН). Я таксама з'яўляюся ўдзельнікам нацыянальнай грамадзянскай кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. Мая апошняя справа ў КПЧ ААН як раз была звязана з падачай на карысць асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Гомеля  індывідуальнай скаргі. Падкрэсліваю, дадзеная скарга аб парушэнні справядлівага суда была зарэгістраваная і ААНаўскі Камітэт двойчы афіцыйна звярнуўся да Ураду Беларусі не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд у дачыненні да майго кліента да моманту разгляду яго скаргі па сутнасці. Тым не менш, смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне, Праз некаторы час яго маці атрымала паштовую бандэроль, дзе знаходзілася спецыяльная турэмная паласатая спецвопратка з надпісам ВМП (выключная мера пакарання) на спіне. Па просьбе маці я падрыхтаваў шматлікія звароты да беларускіх уладаў паведаміць ёй пра месца пахавання сына. Атрымаўшы адмовы, я зноў жа дапамог жанчыне звярнуцца ў КПЧ ААН са скаргай аб прымяненні ў яе дачыненні жорсткага, бесчалавечнага зневажальнага чалавечую годнасць звароту”, - паведаміў прысутнічым Леанід Судаленка.

Далей Леанід Судаленка распавеў, як неўзабаве пасля гэтага на пошту атрымаў паведамленне з пагрозамі забойства ў адрас сваіх дзяцей, невядомы пытаўся ў праваабаронцы, ці будзе ён абараняць у КПЧ ААН забойцу свайго сына? Таксама ў дзень забойства ў Маскве Барыса Нямцова на свой электронны адрас ён атрымаў ад невядомых відэа з месца забойства, якое змяшчала кароткая пытанне - «Як табе відэа?» Праваабаронца звярнуўся ў міліцыю з просьбай правесці расследаванне па факце атрымання пагроз, аднак у задавальненні просьбы яму было адмоўлена.

“24 траўня, пры вяртанні на асабістым аўтамабілі з літоўскай сталіцы (Вільнюс) у Беларусь на дзяржаўнай мяжы супрацоўнікі пагранічнага і мытнага ведамстваў наладзілі мне пільны асабісты ператрус, ператрус багажу і аўтамабіля. У выніку гэтай зневажальнай працэдуры (ад мяне запатрабавалі нават зняць штаны) у мяне без тлумачэння прычын канфіскавалі асабісты ноўтбук і некаторыя друкаваныя матэрыялы. Аналагічны выпадак  адбыўся і 25 жніўня, калі я вяртаўся з Вільні ў Беларусь цягніком. Ад мяне без тлумачэння прычын мытнікі запатрабавалі сысці з цягніка, а калі я ў знак пратэсту адмовіўся, мяне “вывалаклі” з цягніка з ужываннем фізічнай сілы і зноў наладзілі прыніжальную працэдуру асабістага ператрусу і ператрусу асабістых рэчаў. Па факце адмовы выйсці з цягніка супраць мяне быў складзены адміністрацыйны пратакол і мяне чакала пакаранне ў выглядзе буйнога штрафу (каля 450 еўра) або арышт на тэрмін да 15 сутак”, - працягнуў выступ праваабаронца.

Леанід Судаленка таксама адзначыў, што ў сярэдзіне лета бягучага года ён атрымаў патрабаванне ад падатковай інспекцыі здаць дэкларацыі аб даходах і маёмасці за апошнія 10 гадоў і гэта пры тым, што ў 2012 годзе ўся яго сям'я, уключаючы сына, які ў той час служыў ў беларускай Арміі падавалі такія дэкларацыі за перыяд да 2012 года ўключна. Яго патрабаванне растлумачыць сутнасць прад'яўленай прэтэнзіі засталося з боку падатковай інспекцыі без адказу. Пададзеная скарга ў суд таксама пакінутая без задавальнення.

“Я лічу, што праваабаронцы з'яўляюцца рухаючай сілай, якія працуюць над рэфармаваннем дзяржавы і маю намеру працягваць гэтую дзейнасць і далей. У сваёй кароткай гісторыі я хацеў паказаць, як праваабаронцы ў Беларусі сутыкаюцца з крыміналізацыяй нашай дзейнасці з боку дзяржавы, падвяргаюцца сістэмнаму запалохванню, адвольным затрыманням, зневажальнаму годнасць звароту, абмежаванням на перамяшчэнне, прымяненню забароненай дыскрымінацыі ў сілу сваіх перакананняў”, - дадаў напрыканцы свайго выступу Леанід Судаленка.

Нагадаем, з 4 па 6 лістапада міжнародны фонд па абароне праваабаронцаў Front Line Defenders ладзіць 8-ю Дублінскую платформу, у якой бяруць удзел каля 100 праваабаронцаў з 80 краінаў свету. У прыватнасці, на канферэнцыю ў Дублін прыехалі прадстаўнікі з Афганістану, Сірыі, Конга, дзе праваабаронцы працуюць у зонах узброеных канфліктаў, з Гватэмалы, Калумбіі, Гандурасу, Камеруну, Пакістану і іншых краінаў, вядомых забойствамі праваабаронцаў, пакушэннямі на іх жыцці і іншымі жорсткімі формамі пераследу.

Ад Беларусі на Дублінскую платформу для праваабаронцаў запрошаны старшыня Гомельскага аддзялення РГА “Прававая ініцыятыва” і кіраўнік Цэнтра стратэгічных цяжбаў Леанід Судаленка.

Гомельская Вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства