viasna on patreon

Суд лічыць правільным ігнараванне меркавання жыхароў вёскі Станчыкі

2015 2015-11-27T17:44:05+0300 2015-11-27T17:44:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebsk-budaunictva-carkvy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыст "Экадому" Рыгор Фёдараў удзельнічаў у судовым працэсе, ініцыяваным жыхарамі вёскі Станчыкі Пастаўскага раёну. Яны прасілі суд абавязаць Пастаўскі райвыканкам правесці грамадскія слуханні наконт перспектывы збудаваць царкву на тэрыторыі іх каталіцкай вёскі, якая месціцца на беразе запаведнага возера.

Праблема будаўніцтва праваслаўнай царквы, спонсарам якога з'яўляецца мінскі прадпрымальнік Мікалай Рамановіч паводле замовы пастаўскага праваслаўнага прыхода "Жыватворная крыніца", асвятляецца ў СМІ ўжо даўно. Выстрыні гэтаму пытанню надаюць некалькі акалічнасцяў. Найгалоўнейшая тая, што побач з царквой ёсць планы збудаваць і праваслаўны летнік, тады як Нацыянальна парк "Нарачанскі" усялякім чынам абмяжоўвае колькасць турыстаў на гэтым возеры. Але тое тычыцца толькі паўднёвага берага, які тэрытарыяльна знаходзіцца ў Мінскай вобласці. Паўночны бераг – ужо "віцебскі", і тут улады ахоўваць прыродную каштоўнасць дужа не імкнуцца. Аблвыканкам даў дазвол на будаўніцтва летніка, дзейнасць якога нанясе шкоду ўнікальнаму вадаёму.

У адпаведнасці з законам «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», рашэнні мясцовых органаў улады па пытаннях забудовы прымаюцца выключна пасля грамадскіх слуханняў. У выпадку з будаўніцтвам царквы, якое ўжо вядзецца, ніякіх слуханняў мясцовыя ўлады не праводзілі.

На працягу месяца суд вывучаў акалічнасці справы. Абласное судовае кіраўніцтва вырашыла праводзіць разгляд заявы жыхароў Пастаўскага раёну ў Глыбоцкім судзе – для большай аб'ектыўнасці. І 27 лістапада суддзя Андрэй Тарасевіч агучыў рэзалютыўную частку рашэння: адмовіць у задавальненьні патрабавання вяскоўцаў, каб мясцовыя ўлады правялі грамадскія слуханні.

"Парушаны правы мясцовых жыхароў на выказванне ўласных меркаванняў. Тым больш, што яны гарантаваныя заканадаўча – праводзіць слуханні ў такіх выпадках проста неабходна. Такая практыка існуе даўно: у Віцебску грамадскасць абмяркоўвала перспектывы ўзвядзення Сафійскага сабору, у Полацку якраз гэтымі днямі ідзе абмеркаванне будаўніцтва царквы. Атрымліваецца, у вялікіх гарадах жыхары могуць на нешта ўплываць, а ў маленькай вёсцы Станчыкі людзей можна не пытацца?" – абураецца Рыгор Фёдараў, юрыст грамадскай арганізацыі «Экадом», якая імкнецца дапамагчы мясцовым жыхарам у вырашэнні праблемы з царкоўным будаўніцтвам.

Аргументы суду, паводле спадара Фёдарава, наступныя: раз усе экспертызы праект будаўніцтва прайшоў, то прыватныя меркаванні жыхароў ужо ніякай ролі не адыграюць. І яшчэ: раз рашэнне збудаваць царкву не аспрэчвалася ў 2013 годзе, калі было прынятае, то цяпер праводзіць абмеркаванні ўжо позна.

Ні вяскоўцы, ні "экадомаўцы" з гэтым нязгодныя: занадта кепскія наступствы для прыроды можа мець узвядзенне буйной інфраструктуры, занадта цьмяна тлумачаць улады і тое, навошта будаваць царкву ў каталіцкай вёсцы, дзе сталых жыхароў засталося 3-4 чалавекі, астатнія – "дачнікі". Рашэнне Глыбоцкага райсуду юрысты збіраюцца аспрэчыць у Віцебскім абласным судзе.

Магчымасці мясцовых жыхароў на ўплыў на сітуацыю былі парушаны, дарэчы, ужо двойчы.

"Пакуль ішоў судовы працэс, была напісана заява ў Пастаўскі райвыканкам з просьбай арганізаваць грамадскія слуханні хоць цяпер, калі будаўніцтва ўж ідзе. Каб людзі ўсё ж змаглі выказацца, і заставалася магчымасць нешта змяніць хоць на гэтым этапе будаўніцтва. Аднак Пастаўскі райвыканкам адмовіўся ладзіць абмеркаванне, палічыўшы яго непатрэбным. Скаргу на такое рашэнне ўжо падалі ў Віцебскі аблвыканкам", - распавёў Рыгор Фёдараў.

Калі аблвыканкам таксама адмовіць, вяскоўцы гатовыя зноў звярнуцца ў суд, каб адстоваць свае правы і інтарэсы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства