Дэпартаменту выканання пакаранняў трэба нагадаць пра міжнародныя абавязацельствы Беларусі
Дэпартамент выканання пакаранняў даволі хутка адказаў на зварот Праваабарончага цэнтру “Вясна” па пытанні ўмоваў утрымання ў зняволенні былога кіраўніка асветніцкай установы «Платформ інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі. Аднак, сам зварот у інтарэсах А. Бандарэнка пакінуты без разгляду па сутнасці.
Намеснік начальніка ДВП МУС Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Мандрык у адказе піша, што “права на зварот рэалізуецца заяўніком добраахвотна. Грамадзяне рэалізуюць права на зварот асабіста ці праз сваіх прадстаўнікоў. Згодна арт. 12 Закона “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў” да пісьмовых зваротаў прыкладаюцца дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы асоб, што звяртаюцца ад імя іншых грамадзян”. Такія дакументы праваабаронцамі прадстаўлены не былі, і гэта стала падставай не разглядаць зварот.
Аднак, юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка лічыць, што меркаванне аб неабходнасці такіх дакументаў у сітуацыі, калі абараняюцца асноўныя правы і свабоды грамадзян, глыбока памылкова:
“Дэкларацыя аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды ў артыкуле 9 прадугледжвае, што пры ажыццяўленні правоў чалавека і асноўных свабод кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права: у сувязі з парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабодаў у выніку палітыкі і дзеянняў асобных службовых асоб і дзяржаўных органаў падаваць скаргі ці іншыя адпаведныя звароты ў кампетэнтныя нацыянальныя судовыя, адміністрацыйныя або заканадаўчыя органы або ў любой іншы кампетэнтны орган, прадугледжаны прававой сістэмай дзяржавы, якія павінны вынесці сваё рашэнне па дадзенай скарзе без неапраўданай затрымкі; прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў.
Так што неабходна зноў накіраваць зварот да начальніка ДВП і міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, а для інфармавання гэтых асоб пра міжнародныя абавязацельствы Беларусі да заяваў будзе прыкладзеная згаданая Дэкларацыя, як той самы дакумент, які прадугледжвае права звяртацца ў абарону Бандарэнка і ў цэлым - рэагаваць на любы выпадак жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, што стаў вядомы”.
Нагадаем, Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуўся ў Дэпартамент выканання пакаранняў пасля таго, як стала вядома пра факты цкавання ў дачыненні Андрэя Бандарэнкі за яго папярэднюю праваабарончую дзейнасць. У звароце праваабаронцы заклікалі: спыніць неабгрунтаваны пераслед А. Бандарэнкі з боку адміністрацыі калоніі; правесці праверку ўмоў утрымання асуджанага; абавязаць калонію стварыць бяспечныя ўмовы ўтрымання асуджанага А.Бандарэнкі, якія б не прыніжалі яго чалавечую годнасць; дазволіць яму сустрэчу з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый.