У Салігорску працягваецца высечка лесапаркавых зон (фота)
У беларускай сталіцы шахцёраў працягваецца высечка лесапаркавых зон пад жыллёвае будаўніцтва. Гэтым разам быў знішчаны вялікі лясны масіў на скрыжаванні вуліц Заслонава і Васкрасенскай у новым мікрараёне горада.
Актывісты мясцовай ініцыятывы “Абаронім лес” кажуць, што выратаваць гэты кавалак лесу у існуючых умовах было ўжо практычна немагчыма:
- На жаль, высечка гэтага ляснога масіву была раней закладзена ў генеральны план развіцця горада. Грамадства знаходзіцца фактычна ў паралізаваным стане і не здольнае аказаць сур’ёзны супраціў чынавенскаму бязмежжу. Нам ледзь удаецца стрымліваць націск мясцовых уладаў на тыя рэкрэацыйныя зоны, якія знішчаюцца насуперак існуючым нормам і зацверджанаму генплану. Выратаваць жа дрэвы, высечка якіх патрапіла ў афіцыйны план развіцця горада, падаецца нечым неверагодным, - кажа грамадскі актывіст Уладзімір Шыла.
Абаронцы салігорскага лесу лічуць, што існуючы лес неабходна інтэграваць у гарадское асяроддзе:
- Калі паглдязець на новыя мікрараёны, дык гэта больш падобна на асфальтавыя джунглі. Да таго ж Салігорск буйны прамысловы цэнтр, і развіццё рэкрэацыйных зонаў тут з’яўляецца жыццёвай небаходнасцю для гараджан. Безумоўна, існуючы лес у новых мікрараёнах неабходна было граматна інтэграваць у інфрастуркутуру, стварыць зону адапчынку, а не займацца татальнай высечкай, - падсумоўвае спадар Шыла.