viasna on patreon

На гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага складзены пратакол у Ветцы

2016 2016-01-29T00:04:10+0300 2016-01-29T00:04:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Гомельскаму журналісту-фрылансеру Кастусю Жукоўскаму патэлефанаваў супрацоўнік Веткаўскага РАУС, паведаміў аб тым, што ў адносінах журналіста ў РАУС знаходзіцца адміністрацыйны матэрыял і запрасіў прыехаць, каб даць сведчанні. Міліцыянер пры гэтым спрабаваў размаўляць па-беларуску. Журналіст адмовіўся і патлумачыў, што не бачыць сэнсу даваць сведчанні, бо ягоная справа замоўлена па званку зверху, і закон пры гэтым не дзейнічае.

«Чарговае тэлефанаванне аб складзеным пратаколе за тое, што я кажу праўду - звычайныя працоўныя будні беларускага фрылансера», - дадаў Жукоўскі.

У Ветцы журналіст здымаў матэрыял аб праблемах мясцовай ткацкай фабрыкі і малаказавода.

Нагадаем, нядаўна для складання пратаколу за журналісцкую дзейнасць Жукоўскага выклікалі ў Буда-Кашалёўскі РАУС. У райцэнтры па просьбе мясцовых жыхароў ён здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт.

А на мінулым тыдні 20 студзеня ў судзе Кармянскага раёна прайшоў разгляд адміністрацыйнага пратаколу, складзенага супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да фрылансера. Па «традыцыйнаму» артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) суд прыцягнуў яго да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь. Жыхары Кармы ўсю восень мелі праблемы з забеспячэннем вадой і цяплом. Улады знайшлі вінаватага: фрылансера, які зняў аб гэтай праблеме відэа.

Таксама на мінулым тыдні Жукоўскі атрымаў па пошце пастанову суда Калінкавіцкага раёну аб тым, што прызнаны правапарушальнікам і пакараны штрафам у памеры 35 базавых велічынь, што складае 7,35 мільёна рублёў - таксама за журналісцкую працу.

Ужо 4 лютага суд Буда-Кашалёўскага раёна разгледзіць чарговы аналагічную адміністрацыйную справу ў дачыненні Кастуся Жукоўскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства