viasna on patreon

Бяроза: скарга на забарону пікета да Дня правоў чалавека не задаволена судом

2016 2016-01-29T23:34:14+0300 2016-01-29T23:34:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/suddzia-mantyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя Бярозаўскага раёна Алена Нямкова не задаволіла скаргу праваабаронцаў.

Заяўнікі пікету на 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, праваабаронцы Сяржук Русецкі і Тамара Шчапёткіна, а таксама грамадская актывістка Таццяна Тарасевіч звярнуліся ў суд Бярозаўскага раёна з іскам да Бярозаўскага райвыканкама на адмову ў пікеце. Афіцыйная адмова была аргументавана арт. 6 і 9 Закона РБ “Аб масавых мерапрыемствах” у сувязі з тым, што нельга праводзіць у адзін дзень 2 мерапрыемствы: маўляў, у гэты дзень і час запланавана ў тм жа месцы спартовае мерапрыемства з наяўнасцю гледачоў.

Таццяна Тарасевіч падыйшла ў гэты дзень на Цэнтральны стадыён горада, каб праверыць, ці праўду напісалі ўлады. Але з 12 да 13 гадзін стадыён быў пусты, а дзяжурны адміністратар Алена Шэшка сказала, што ніякага мерапрыемства няма і не планавалася. Гэта яна падцвердзіла і ў судзе. Па яе словах, калі будзе мерапрыемства, ёй паведамляюць за тыдзень. А на гэты раз такога папярэджання не было ні за тыдзень, ні пазней. Выкліканы на трэці дзень паседжання ў суд дырэктар ДЮСШ Аляксандр Палто сказаў, што мерапрыемства “Зімнія забавы” з катаннем вучняў 4-5 класаў на санках, лыжах і каньках планавалася яшчэ ў кастрычніку. Але паколькі не было снегу, адмянілася. На пытанне, што дзеці ў гэты час на ўроках, адказаў, гэта для тых, хто ходзіць у другую змену. Хаця перад гэтым агаварыўся, што мерапрыемствы праводзяцца ў выходныя дні. А 10 снежня – чацвер.

Па словах Таццяны Тарасевіч, у снежні стадыён амаль кожны дзень быў пусты, хаця ў прадстаўленым у суд плане запісана шмат мерапрыемстваў. Праваабаронцы выказалі меркаванне, што план пісаўся непасрэдна перад трэцім паседжаннем. Калі б ён быў у райвыканкаме, як пра гэта казаў Палто, то чаго на першае паседжанне быў данесены юрыстам райвыканкама Яўгенам Кашталянам ліст іншай установы з запланаванымі мерапрыемствамі без дат, калі размова ішла пра мерапрыемства ДЮСШ?

Шмат гаварылася з боку суддзі і прадстаўнікоў райвыканкама пра тое, што яны давалі адказ своечасова, а чаму ён прыйшоў не за 5 дзён, а за 2 перад планаваным мерапрыемствам -- яны не ведаюць. Яны выказалі меркаванне, што вінавата пошта, але гэта катэгарычна абверг начальнік пошты адразу.

Да довадаў істцоў суддзя Алена Нямкова аднеслася крытычна, палічыла іх неабгрунтаванымі і ў выніку адмовіла праваабаронцам у задавальненні скаргі на 4-м судовым паседжанні 29 студзеня.

Старэйшы памочнік пракурора Юрый Пракапчук, які прыйшоў на другое паседжанне, замяніўшы свайго, магчыма, менш вопытнага калегу, шмат пытанняў задаваў Тарасевіч па адміністратару Шэшка: якія ў яе валасы, якога колеру спадніца і швэдэр, ці мае ўстаўную чэлюсць, татуіроўкі, нейкія адметнасці на твары, якога росту, целаскладу. А ў судовых дэбатах выдаў адзіны сказ: “Считаю, что в иске необходимо отказать”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства