Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2016 г.
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2016 г.
Высновы:
- у студзені не адбылося ніякіх сістэмных зменаў, якія б дэманстравалі імкненне ўладаў Беларусі да якаснага змянення сітуацыі з правамі чалавека;
- на працягу месяца адзначаныя пэўныя негатыўныя тэндэнцыі, якія сведчаць пра пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў параўнанні з трыма апошнімі месяцамі мінулага года. Так, у прыватнасці, улады аднавілі практыку адміністрацыйнага пераследу журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ;
- 29 студзеня суд Фрунзенскага р-на г. Менска вынес прысуд па г.зв. “справе графіцістаў”. Суд прысудзіў В. Жаромскага да штрафу ў памеры 50 б.в., М. Пякарскага да шрафу ў памеры 40 б.в., В. Касінерава да штрафу ў памеры 30 б.в., прызнаўшы іх вінаватымі ў пашкоджанні маёмасці. Варта адзначыць, што беларускае праваабарончая супольнасць ад самага пачатку не была згодная з кваліфікацыяй дзеянняў маладых людзей па ч. 2 арт. 339 КК (“злоснае хуліганства”), лічачы гэтую крымінальную справу палітычна матываванай, і патрабавала яе спынення;
- не была спыненая раней распачатая палітычна матываваная крымінальная справа ў дачыненні да кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 г. Алеся Міхалевіча, а крымінальная справа ў дачыненні да Аляксандра Алесіна была толькі прыпыненая, нягледзячы на выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкула, па якім журналісту раней было прад'яўленае абвінавачанне. У месцах пазбаўлення волі працягваў адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным;
- асаблівы рэзананс атрымаў факт збіцця 25 студзеня супрацоўнікамі АМАП у будынку суда Фрунзенскага р-на г. Менска моладзевых актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка, якія праводзілі акцыю пратэсту супраць крымінальнага пераследу фігурантаў “справы графіцістаў”, а таксама журналіста інфармацыйнага інтэрнэт-партала tut.by Паўла Дабравольскага;
- цягам месяца зафіксаваныя факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў;
- 5 студзеня Менскі абласны суд вынес першы ў гэтым годзе смяротны прысуд жыхару Вілейкі Генадзю Якавіцкаму. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
25 студзеня стала вядома, што раней распачатая крымінальная справа ў дачыненні да журналіста і аглядальніка тыднёвіка “Белорусы и рынок” Аляксандра Алесіна прыпыненая на падставе п. 5 ч.1 арт. 246 КПК (“немагчымасць правядзення следчых дзеянняў, без якіх не можа быць прынятае рашэнне аб заканчэнні папярэдняга следства”). У сувязі з гэтым з А. Алесіна знятая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб невыездзе.
Нагадаем, што А. Алесін быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ ў адной з кавярняў Менска 25 лістапада 2014 г. на сустрэчы і нібыта перадачы матэрыялаў, якія складаюць дзяржаўную тайну, прадстаўніку адной з амбасадаў краінаў ЕС у Беларусі па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па арт. 356 Крымінальнага кодэкса (“здрада дзяржаве”) і змешчаны ў СІЗА КДБ у г. Менску. 10 снежня 2014 г. ён быў вызвалены з-пад варты, а абвінавачанне ў дачыненні да яго было перакваліфікаванае з арт. 356 на арт. 356.1 КК (“усталяванне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы”).
Верагоднай прычынай прыпынення гэтай крымінальнай справы стала выключэнне з Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь арт. 356.1 (выключаны Законам Рэспублікі Беларусь № 356-1 ад 5 студзеня 2016г.), па якім раней А. Алесіну было прад'яўленае абвінавачванне. За ўвесь перыяд дзеяння дадзенага артыкула (з лістапада 2011 г. па студзень 2016 г.) праваабаронцам вядомы толькі адзін выпадак яго прымянення – асуджэнне 1 ліпеня 2013 г. да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі моладзевага актывіста з г. Наваполацка Андрэя Гайдукова.
25 студзеня ў судзе Фрунзенскага р-на г. Менска пачаўся судовы разгляд матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненні да моладзевых актывістаў Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і Вячаслава Касінерава, якія ў жніўні 2015 г. напісалі на будынках горада і на плоце шэраг графіці палітычнага зместу, а таксама залілі фарбай сацыяльную рэкламу з выявай супрацоўніка міліцыі. Яшчэ на этапе папярэдняга следства прызнаны пацярпелым па справе індывідуальны прадпрымальнік Масленнікаў звярнуўся з хадайніцтвам аб спыненні справы ў сувязі з поўнай кампенсацыяй абвінавачанымі нанесенай яму матэрыяльнай шкоды. Таксама, нязначная матэрыяльная шкода быў цалкам кампенсаваная і прадпрыемствам, на балансе якіх знаходзіліся плот і будынак, дзе былі намаляваныя графіці. Такім чынам, органы следства мелі магчымасць спыніць крымінальны пераслед маладых людзей яшчэ на этапе папярэдняга следства.
Падчас судовых пасяджэнняў пракурор Сцяпурка, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне ў судовым працэсе, зачытаў пісьмовыя матэрыялы па справе, у тым ліку матэрыялы аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў дачыненні да абвінавачаных. З дадзеных матэрыялаў, у прыватнасці, вынікае, што аператыўныя мерапрыемствы ў выглядзе праслухоўвання тэлефонных перамоваў В. Жаромскага, В. Касінерава і М. Пякарскага пачалі праводзіцца 8 траўня 2015 года (да вырабу графіці) і скончыліся ў жніўні, незадоўга перад іх затрыманнем. Такая ўвага спецслужбаў да маладых людзей можа быць абумоўленая ўзмацненнем кантролю за нефармальнымі моладзевымі групамі напярэдадні правядзення прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 г. і ацэнкай іх як “патэнцыйна небяспечных” для ўлады ў гэты перыяд.
У сваім выступе дзяржаўны абвінаваўца Сцяпурка адзначыў, што віна абвінавачаных у інкрымінаваных дзеяннях цалкам даказаная і выказаў меркаванне аб неабходнасці прыцягнуць М. Пякарскага да крымінальнай адказнасці ў выглядзе штрафу (па арт. 341 КК, “псаванне маёмасці”), В. Жаромскага да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (паводле арт. 341 КК і ч. 2 арт. 339 КК, “злоснае хуліганства”), В. Касінерава – да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (па ч. 2 арт. 339 КК). Аднак суд не пагадзіўся з кваліфікацыяй дзеянняў В. Касінерава і В. Жаромскага ў частцы псавання імі фарбай білборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі па ч. 2 арт. 339 КК (“злоснае хуліганства”). Суд перакваліфікаваў абвінавачванне ў дадзенай частцы на арт. 341 КК (“псаванне маёмасці”), адзначыўшы, што характар дзеянняў абвінавачаных не сведчыць аб праявах яўнай непавагі да грамадства, здзейсненага з асаблівай дзёрзкасцю і цынізмам, якія б груба парушалі грамадзкі парадак.
29 студзеня суд Фрунзенскага р-на г. Менска вынес прысуд па г.зв. “справе графіцістаў”. Суд прысудзіў В. Жаромскага да штрафу ў памеры 50 б.в., М. Пякарскага да шрафу ў памеры 40 б.в., В. Касінерава да штрафу ў памеры 30 б.в., прызнаўшы іх вінаватымі ў пашкоджанні маёмасці. Варта адзначыць, што беларускае праваабарончая супольнасць ад самага пачатку не была згодная з кваліфікацыяй дзеянняў маладых людзей па ч. 2 арт. 339 КК (“злоснае хуліганства”), лічачы гэтую крымінальную справу палітычна матываванай, і патрабавала яе спынення.
Напярэдадні Новага года Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) накіравала міністру замежных справаў Беларусі Уладзіміру Макею зварот, у якім праваабаронцы заклікалі ўлады Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў рамках структураў ААН і зрабіць захады па выкананні асноўных патрабаванняў Камітэта па правах чалавека па справе Алеся Бяляцкага, якія тычацца рэгістрацыі узначаленага ім ПЦ “Вясна” і анулявання судзімасці праваабаронцы.
Меркаванні па Паведамленні №2165/2012 Камітэт па правах чалавека ААН прыняў 24 кастрычніка 2014г., падчас зняволення праваабаронцы.
У звароце, падпісаным Алесем Бяляцкім, старшынёй ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнтам FIDH, і Антуанам Бернарам, генеральным дырэктарам FIDH, праваабаронцы нагадваюць міністру замежных справаў Уладзіміру Макею аб сутнасці Меркаванняў КПЧ ААН:
На думку Камітэта, менавіта адмовы ў рэгістрацыі праваабарончай асацыяцыі “Вясна”, якую Бяляцкі ўзначальвае, перашкодзілі рэалізацыі яе сябрамі сваіх правоў. Асуджэнне Бяляцкага да 4,5 гадоў пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя з атрыманнем і расходаваннем сродкаў на фінансаванне арганізацыі, было прамым следствам парушэння свабоды асацыяцыі. Пры разглядзе справы беларускія суды адхілілі доказы таго, што гэтыя сродкі прызначаліся і выкарыстоўваліся менавіта на названыя мэты, не з'яўляліся асабістым прыбыткам А. Бяляцкага і не разглядалі справу з пункту гледжання гарантый права на свабоду асацыяцыі. У гэтых умовах прыцягненне А. Бяляцкага да крымінальнай адказнасці Камітэт расцаніў як парушэнне гэтага права.
Камітэт па правах чалавека таксама заключыў, што ўтрыманне пад вартай А. Бяляцкага ў перыяд папярэдняга расследавання мела адвольны характар, паколькі рашэнне аб арышце прымалася пракурорам, а не судом, і грунтавалася толькі на цяжары прад'яўленага абвінавачання, а не на фактах, якія сведчаць аб неабходнасці і мэтазгоднасці дадзенай меры.
Камітэт прызнаў, што ў працэсе крымінальнага пераследу А. Бяляцкага была парушаная прэзумпцыя невінаватасці, што выявілася ў інфармацыі дзяржаўных СМІ і выказваннях Прэзідэнта, якія да ўступлення ў законную сілу прысуду суда сцвярджалі аб вінаватасці А. Бяляцкага, а таксама ў тым, што падчас судовых пасяджэнняў яго ўтрымлівалі ў клетцы і дастаўлялі ў суд у кайданках.
Камітэт ўказаў на парушэнні арт. 9 (“адвольнае затрыманне”), арт. 14 (2) (“прэзумпцыя невінаватасці”), арт. 22 (1) (“свабода асацыяцый”) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Як паказваюць праваабаронцы ў звароце, Камітэт запатрабаваў ад дзяржавы-ўдзельніцы прыняць на працягу 180 дзён з даты прыняцця Меркаванняў меры, якія прывялі б да эфектыўнага і дзейснага сродку прававой абароны ў дачыненні да А. Бяляцкага, уключаючы (а) перагляд хадайніцтва аб рэгістрацыі аб'яднання “Вясна”, які ён узначальвае, у адпаведнасці з крытэрыямі, якія адпавядаюць патрабаванням артыкула 22 Пакта; (b) ануляванне судзімасці; і (с) належную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё панесеных судовых выдаткаў. Дзяржава-удзельніца таксама абавязаная прадухіляць падобныя парушэнні ў будучыні. У сувязі з гэтым, дзяржава-удзельніца павінна перагледзець нацыянальнае заканадаўства, каб забяспечыць яго адпаведнасць патрабаванням артыкула 22 Пакта.
Дадзеныя патрабаванні Камітэта былі цалкам праігнараваныя беларускімі ўладамі.
Парушэнні свабоды асацыяцый і ціск на праваабаронцаў
Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб прыпыненні рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” на адзін месяц у сувязі неабходнасцю прадастаўлення заснавальнікамі дадатковых дакументаў.
Нагадаем, што гэта ўжо шостая спроба рэгістрацыі дадзенай партыі за апошнія некалькі гадоў. Апошні раз Міністэрства юстыцыі адмаўляла ў рэгістрацыі БХД 14 жніўня 2015 г.
На думку Праваабарончага цэнтра “Вясна”, дадзеныя адмовы ніякім чынам не звязаныя з дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды асацыяцый, названых у арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, і парушаюць правы заснавальнікаў дадзенай партыі на асацыяцыю. Варта нагадаць, што з 2000 года ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнай новай палітычнай партыі.
Праваабаронца Алена Танкачова, высланая з Беларусі ў лютым 2015 года, звярнулася ў ГУУС Менгарвыканкама з хадайніцтвам аб скарачэнні тэрміну забароны на ўезд у Рэспубліку Беларусь і выключэнні яе з спісу асобаў, якім забаронены ўезд у краіну.
Нагадаем, што што 5 лістапада ў Першамайскім РУУС было прынятае рашэнне аб высылцы праваабаронцы з краіны на працягу месяца. Ёй таксама забаронена наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады. 28 лістапада праваабаронца абскардзіла рашэнне ў ГУУС Менгарвыканкама – гэта дазволіла ёй на 30 дзён падоўжыць рэгістрацыю на часовае знаходжанне ў Беларусі. А 12 снежня сталічнае ГУУС адмовіла ў задавальненні скаргі. 22 студзеня 2015 г. Алена Танкачова падала касацыйную скаргу на рашэнне аб яе высылцы з краіны ў судовую калегію па грамадзянскіх справах суда горада Менска. Тэрмін яе знаходжання ў Беларусі быў прадоўжаны да 21 лютага. У гэты ж дзень Алена Танкачова выехала з Рэспублікі Беларусь у Літву.
Падставай для рашэння аб яе высылцы сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.
Алена Танкачова хоць і з'яўляецца грамадзянкай Расіі, але пражывае ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут уласнае жыллё і працу.
Праваабарончая супольнасць Беларусі звязвае высылку з краіны Алены Танкачовай з яе праваабарончай дзейнасцю, а таксама з дзейнасцю праваабарончай арганізацыі “Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend”, якую яна ўзначальвае, і настойвае на зняцці забароны на ўезд Алены ў Беларусь.
18 студзеня старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі атрымаў пастанову аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна горада Менска аб тым, што на долю кватэры, у якой ён пражывае з сям'ёй, накладзены арышт.
У пастанове, якая была вынесеная загадчыкам сектара №2 М.М. Гастэлам 4 студзеня 2016 г., у прыватнасці, было ўказана, што ў вытворчасці аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна г. Менска на выкананні знаходзіцца выканаўчы ліст №1-978/2011 ад 24.11.2011 г. суду Першамайскага раёна г. Менска аб накіраванні ў кошт канфіскацыі маёмасці Алеся Бяляцкага 18/100 долі ў праве ўласнасці на кватэру, у якой ён пастаянна жыве са сваёй сям'ёй. У мэтах забеспячэння ажыццяўлення выканаўчых дзеянняў на гэтую маёмасць накладзены арышт.
Характэрна, што гэты выканаўчы ліст быў накіраваны судом Першамайскага р-на ў аддзел прымусовага выканання толькі 14 снежня 2015 г.
Варта нагадаць, што, згодна з прыгаворам суда Першамайскага раёна г. Менска ад 24 лістапада 2011 г., старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, якая належала яму па праве уласнасці – у тым ліку кватэры, у якой знаходзіўся офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Яшчэ да суда над праваабаронцам на офіс арганізацыі быў накладзены арышт. 26 лістапада 2012 г. ён быў апячатаны судовымі выканаўцамі суда Першамайскага раёна г. Менска (акт вопісу маёмасці ад 2012/11/26 г.), уся маёмасць арганізацыі, якая там знаходзілася, была канфіскаваная і вывезеная. У сувязі з немагчымасцю карыстання офісам, сябры ПЦ”Вясна” былі вымушаныя пакінуць яго.
У выніку абскарджання рашэнняў аб канфіскаванай маёмасці, па рашэнні суда Партызанскага раёна г. Менска ад 4 ліпеня 2012 года, арышт з долі ў кватэры, у якой пражываў Алесь са сваёй сям'ёй, быў зняты.
Такім чынам, праз чатыры гады пасля вынясення прысуду Алесю Бяляцкаму, улады спрабавалі канфіскаваць не толькі кватэру, у якой размяшчаўся офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”, але і фактычна пазбавіць праваабаронцы месца жыхарства.
Алесь Бяляцкі не выключаў, што прычынай раптоўнай актыўнасці судовых выканаўцаў мог стаць нядаўні зварот Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека да беларускіх уладаў з нагоды невыканання рашэння Камітэта па правах чалавека ААН па ягонай справе, а таксама яго актыўная праваабарончая дзейнасць.
Праваабаронца абскардзіў пастанову аб канфіскацыі. У выніку 25 студзеня начальнікам Аддзела прымусовага выканання Партызанскага р-на г. Менска Л.Р. Кабычкінай была вынесеная пастанова, у адпаведнасці з якой у скарзе А. Бяляцкаму было адмоўлена ў сувязі з тым, што “адпалі падставы для задавальнення альбо адмовы ў задавальненні патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў скарзе”. Суд Першамайскага р-на г. Менска адклікаў вынесены ім выканаўчы ліст з аддзела прымусовага выканання Партызанскага р-на г. Менска ў сувязі з “памылковым накіраваннем дадзенага выканаўчага ліста”. На падставе гэтага Аддзел прымусовага выканання адклікаў пастанову аб накладанні арышту на маёмасць А. Бяляцкага і 22 студзеня вынес пастанову аб заканчэнні выканаўчай вытворчасці. Такім чынам, арышт з 18/100 долі кватэры, у якой А. Бяляцкі пражывае са сваёй сям'ёй, быў зняты.
Пераслед журналістаў
У студзені аднавілася практыка пераследу журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, што не маюць акрэдытацыі ў Беларусі. 12 студзеня журналістка Ларыса Шчыракова па артыкуле 22.9 КаАП (“незаконны выраб прадукцыі СМІ, праца без акрэдытацыі на замежнае СМІ”) пакараная штрафам у памеры 4 620 000 рублёў.
Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў па пошце вынесеную завочна пастанова суда Калінкавіцкага раёна аб тым, што ён прызнаны правапарушальнікам і пакараны штрафам у памеры 35 базавых велічынь, што складае 7 350 000 рублёў.
Акрамя таго, у Гомельскай вобласці складзены яшчэ тры пратаколы ў дачыненні да журналістаў за працу на замежныя СМІ.
Журналіст інтэрнэт-партала TUT.BY Павел Дабравольскі быў жорстка збіты супрацоўнікамі міліцыі ў памяшканні суда пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў.
Парушэнне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў
У студзені працягнуліся факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці грамадскіх актывістаў за ўдзел у масавых мерапрыемствах і пікетах, якія праводзіліся без атрымання дазволу ўладаў.
5 студзеня Максім Вінярскі пакараны буйным штрафам за ўдзел у “Маршы студэнтаў”, які прайшоў 2 снежня 2015 года. У гэты ж дзень Леанід Кулакоў за адзіночны пікет у Міжнародны дзень правоў чалавека пакараны штрафам у памеры 6 300 000 рублёў.
Аляксандр Макаеў 19 студзеня па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у шэсці 24 лістапада ў Менску, прысвечаным гадавіне рэферэндуму 1996 года і памяці зніклых палітыкаў, пакараны штрафам у памеры 9 450 000 рублёў. Максім Вінярскі за тыя ж дзеянні пакараны штрафам у 10 500 000 рублёў.
Сустаршыня БХД Павел Севярынец за шэсце 24 лістапада быў пакараны завочна штрафам у 5 250 000 рублёў.
Вячаслаў Сіўчык за ўдзел у акцыях 10 і 11 кастрычніка (на плошчы Свабоды і Кастрычніцкай плошчы ў дзень выбараў Прэзідэнта) быў завочна пакараны штрафам у 6 300 000 рублёў.
Адзін з арганізатараў “Марша студэнтаў” Глеб Вайкуль быў адлічаны з Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Адлічэнне моладзевы актывіст звязвае выключна са сваёй грамадскай дзейнасцю.
Актывіст з Салігорска Іван Шыла накіраваў у мясцовы Савет дэпутатаў зварот аб неадпаведнасці міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь і стандартам правоў чалавека рашэнні мясцовых уладаў аб месцах правядзення масавых мерапрыемстваў у раёне, якім значна абмяжоўваюцца правы грамадзянаў на свабоду мірных сходаў і свабоднае выказванне свайго меркавання. Гаворка ідзе пра рашэнне Салігорскага райвыканкама, згодна з якім жыхары ўсяго раёна могуць правесці пікетаванне, мітынг або сход толькі на стадыёне “Будаўнік” на ўскраіне Салігорска і на стадыёне “Случ” ў гарадскім пасёлку Старобін. Таксама рашэннем абмяжоўваецца магчымасць правядзення дэманстрацый і вулічных шэсцяў на невялікай пешаходнай частцы салігорскай вуліцы Леніна.
18 студзеня ў цэнтры Менска прайшла несанкцыянаваная акцыя салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якую правялі 30 чалавек, у асноўным – прадстаўнікі АГП. На ўсіх удзельнікаў прадстаўнікі МУС склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Акцыі прадпрымальнікаў, звязаныя са змяненнем з пачатку 2016 г. умоваў дзейнасці, прайшлі ў некалькіх гарадах Беларусі: 22 студзеня ў Баранавічах, дзе каля будынка гарвыканкама сабраліся каля 300 чалавек; у Віцебску, дзе каля аблвыканкаму 22 студзеня сабраліся каля 200 чалавек, а 28 студзеня - каля 500 чалавек; у Гомелі, дзе 19 студзеня каля аблвыканкама сабраліся каля 500 чалавек; 22 студзеня каля ста чалавек сабраліся ў Полацку каля райвыканкама.
Катаванні і жорсткае абыходжанне
У студзені зафіксаваныя некалькі фактаў жорсткага абыходжання, якія былі дапушчаныя ў дачыненні да грамадзянаў супрацоўнікамі МУС.
У Праваабарончы цэнтр “Вясна” 9 студзеня звярнулася прадстаўніца грамадскай ініцыятывы “Рух маці 328” Ларыса Жыгар, якая паведаміла аб факце суіцыду 5 студзеня 20-гадовага хлопца ў турме Жодзіна. Ягор Пратасеня, як раней ён паведамляў у лісце, быў затрыманы супрацоўнікамі наркакантролю г. Салігорска ў красавіку 2015 года. Падчас затрымання з яго жорстка здзекаваліся. З красавіка 2015 г. ён выношваў план суіцыду, паведамляючы маці ў кожным лісце, што сваёю смерцю пакарае супрацоўнікаў наркакантролю. 28 снежня Пратасеню быў вынесены прысуд – 14 гадоў пазбаўлення волі. На судзе ён сказаў маці, каб яна не падавала касацыйную скаргу, паколькі ён жыць не будзе. 5 студзеня ён здзейсніў спробу павешання. Стан зняволенага цяжкі, ён знаходзіцца ў коме.
У Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў канцы 2015 г. звярнуўся студэнт Павел Раслякоў, які пры вусным апытанні па факце крадзяжу маёмасці быў збіты аператыўнымі супрацоўнікамі ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Віцебска. Супрацоўнікі міліцыі нанеслі яму некалькі удараў: у вобласць левага вуха, у вобласць грудной клеткі, па шчоках і вушах з мэтай атрымаць прызнанне ў здзяйсненні злачынства. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і прыцягненні да адказнасці супрацоўнікаў АУС па выніках праверкі дадзенага факту заяўніку было адмоўлена. П. Раслякоў лічыць, што высновы следчага па выніках ацэнкі атрыманых доказаў няслушныя, пастанова вынесеная заўчасна і падлягае адмене. Эксперт выявіў цялесныя пашкоджанні ў выглядзе сінякоў на левым вуху, на пярэдняй паверхні грудной клеткі, якія ўтварыліся не менш чым ад двух траўмуючых уздзеянняў ў тэрмін, не характэрны для іх з’яўлення пры падзенні з вышыні ўласнага росту на плоскую паверхню.
Адзін з фігурантаў па “справе графіцістаў” Вячаслаў Касінераў, якому падчас затрымання супрацоўнікі САХР зламалі сківіцу, працягвае дамагацца прыцягнення да адказнасці супрацоўнікаў спецпадраздзялення, датычных да гэтай справы. Гэтая крымінальная справа знаходзіцца ў вытворчасці аддзела Следчага камітэта Маскоўскага раёна г. Менска. Следчым праведзены апазнанні і вочныя стаўкі. Пасля гэтых мерапрыемстваў следчы Мельнікава паведаміла актывісту, што плануе спыніць крымінальную справу. Аднак 27 студзеня былі праведзены дадатковыя следчыя дзеянні – апазнанні.
Перад пачаткам судовага пасяджэння па “справе графіцістаў” некалькі актывістаў разгарнулі расцяжку з надпісам “Не палітычным пераследам”. Пры гэтым актывісты крычалі: “Мастацтва – не злачынства”. Іх сілай вывелі з залы суда. Былі затрыманыя Павел Сяргей і Максім Шыцік. Разам з імі затрымалі і журналіста tut.by Паўла Дабравольскага. Адразу пасля затрыманьня хлопцаў пачалі збіваць у суседнім пакоі суда: як кажуць праваабаронцы, гукі збіцця былі чуваць у зале суда. Пасля гэтага, затрыманых адвезлі ў РУУС, дзе на актывістаў склалі па два пратаколы: па артыкулах КаАП 24.1 (“непавага да суда”) і 23.34 (“парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства”). На журналіста tut.by таксама склалі два пратаколы: па арт. 17.1 (“дробнае хуліганства”) і 23.4 (“непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы”). Потым затрыманых прывезлі зноў у суд Фрунзенскага раёна, каб прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, пры гэтым асабістыя рэчы пакінулі ў РУУС. На парнях былі бачныя сляды збіцця. Максіма Шыціка і Паўла Дабравольскага прысудзілі да штрафаў у 9 450 000 беларускіх рублёў, а Паўла Сяргея да штрафу ў 10 500 000 руб. У якасці сведкі выступіў супрацоўнік органаў унутраных справаў Сяргей Кавальчук, які па словах маладых людзей прымаў удзел у іх збіцці.
26 студзеня ГУУС Менгарвыканкама дало сваю адзнаку па факце збіцця двух актывістаў і журналіста tut.by ў судзе: у адпаведнасці з Законам “Аб органах унутраных справаў”, для спынення супрацьпраўных дзеянняў ўжывалася фізічная сіла. Па факце правамернасці яе ўжывання ў ГУУС Менгарвыканкама прызначаная службовая праверка.
Смяротнае пакаранне
Працягваецца практыка вынясення беларускімі судамі смяротных прысудаў. 5 студзеня Менскі абласны суд на выязным пасяджэнні вынес смяротны прысуд жыхару Вілейкі Генадзю Якавіцкаму – першы ў 2016 годзе.
У сувязі з вынясеннем ў Беларусі новага смяротнага прысуду, Еўрасаюз зноў заклікаў ўлады краіны ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Прызначаная дата разгляду касацыйнай скаргі па так званай “лідскай справе”, фіналам якой стаў смяротны прысуд Івану Куляшу, які быў прызнаны вінаватым у трох забойствах. “чыненне двух з іх абвінавачваны ў судзе адмаўляў. Як стала вядома прадстаўнікам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, скарга будзе разгледжаная 2 лютага.