Зміцеру Паліенку і Паўлу Сяргею прыйшлі позвы ў міліцыю
Грамадскага актывіста Зміцера Паліенку выклікалі на 10 гадзін раніцы 25 лютага ў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі ў гарадскі аддзел міліцыі Завадскога РУУС. Прычына выкліку ў паперы, якую ранкам уручылі ягонаму бацьку супрацоўнікі міліцыі, не пазначаная, статус - таксама.
Як стала вядома праваабаронцам, Паліенку расшуквалі з вечара 24 лютага, ламіліся ў яго кватэру, фармулючы свае дзеянні выклікам “на размову”. Актывіст вырашыў адмовіцца ад такой “размовы” і не пайшоў у прызначаны час у ГАМ-2.
Позву атрымаў сёння па месцы жыхарства ў Маладэчна і грамадскі актывіст Павал Сяргей. Яго выклікаюць заўтра на 15-30 ў Цэнтральны РУУС Мінска для разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Верагодна, выклік звязаны з удзелам актывіста ў мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 22 лютага.