Алесю Садоўскую знялі з цягніка на літоўскай мяжы
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру "Вясна", 25 лютага жыхарку г. Маладзечна Алесю Садоўскую знялі з цягніка на памежным пункце "Гудагай".
Пры правядзенні пашпартнага кантролю яе затрымалі, бо ў базе яна была пазначана як "невыяздная". Тры гадзіны Алесю Садоўскую пратрымалі на памежжы, а потым прыехала міліцэйская машына з РАУС г. Маладзечна. На дадзены момант яе вязуць у Маладзечанскі РАУС. На пытанне Алесі Садоўскай пра прычыны затрымання супрацоўнікі міліцыі адказалі, што нібыта супраць яе ўзбуджана крымінальная справа.
У сваю чаргу, праваабаронцы мяркуюць, што Алесю Садоўскую затрымалі з-за таго, што раней суд г. Маладзечна вынес пастанову аб накіраванні яе для прымусовага лячэння ў псіханеўралагічны дыспансер тэрмінам на 6 месяцаў.
Нагадаем, што яшчэ ў 2012 годзе на Новы год у Маладзечанскім клубе «НЭО», у Алесі Садоўскай знік тэлефон. Супрацоўнікі клуба па яе просьбе выклікалі міліцыю. Але праваахоўнікі паленаваліся скласці пратакол у святочны час і параілі звярнуцца ў РАУС пасля святаў. Просьбы маладой жанчыны дзейнічаць у адпаведнасці з законам іх толькі раззлавалі, і міліцыянты сталі паводзіць сябе задзірліва. Алеся запатрабавала паводзіць сябе карэктна ў адносінах да яе і прыстрашыла няветлівым супрацоўнікам скаргай у пракуратуру. Гэтыя словы на праваахоўнікаў паўплывалі непрадказальна – яны зацягнулі жанчыну за вугал будынка, дзе няма відэаназірання, пачалі збіваць яе, а пасля гвалтоўна запіхалі ў аўтамабіль. Алесю даставілі ў Маладзечанскі РАУС і склалі 2 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Рэштку ночы яна правяла ў РАУС у халоднай камеры, пры гэтым супрацоўнікі міліцыі яе абражалі і прыніжалі, доўгі час не давалі вады і ежы, ствараючы як фізічныя, так і псіхалагічна складаныя ўмовы для знаходжання.
Суддзя Маладзечанскага суду Южык вынесла пастанову аб прызначэнні ў адносінах да Садоўскай судова-псіхіятрычнай медыцынскай экспертызы (СПМЭ). У пастанове маецца запіс, што яна стаіць на ўліку ў псіхіятра, хаця Садоўская прадставіла даведку ад псіхіятрычна-неўралагічнага дыспансера Маладзечна, дзе пазначана, што яна ніколі не стаяла на ўліку. Затым яе адправілі на псіхіятрычны агляд ў "Навінкі". Там камісія зрабіла выснову аб неабходнасці прымусовага лячэння.
Але гэтае рашэнне Алеся Садоўская аспрэчыла ў судзе, які прызначыў ёй паўторную псіхіятрычную камісію. Не давяраючы беларускім урачам, напярэдадні паўторнага абследавання яна прайшла экспертызу ў Маскве, у Незалежнай псіхіятрычнай асацыяцыі Расіі (НПАР).
16 сакавіка 2015 года аддзел адукацыі надаў яе дачцы Кацярыне Садоўскай статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, з 17 лютага і на перыяд знаходжання яе маці Алесі Садоўскай ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Не вярнулі дзіця і пасля вяртання маці дадому.
У жніўні мінугала года суд Маладзечанскага раёну пачаў разглядаць пазоў аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму аб адабранні 8-гадовай Кацярыны Садоўскай у яе маці.