viasna on patreon

Падрыхтаваны гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацый у Беларусі”

2016 2016-02-26T12:16:49+0300 2016-02-26T12:17:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lawtrend_asambleya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі падрыхтавалі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2015 год. У дакумэнце даецца аналіз разьвіцьця заканадаўства ў сфэры некамэрцыйнага права ў мінулым годзе, акрэсьленыя асноўныя абмежаваньні, зь якімі сутыкаюцца некамэрцыйныя арганізацыі (НКА), прадстаўленыя статыстыка па рэгістрацыі новых НКА і агляд практыкі адмоваў у рэгістрацыі.

У 2015 годзе асноўныя заканадаўчыя зьмены, якія закранаюць інтарэсы НКА, тычыліся прававога рэгуляваньня атрыманьня замежнага фінансаваньня. Пры гэтым аўтары агляду падкрэсліваюць, што ў цэлым засталіся бязь зьменаў усе ранейшыя прававыя абмежаваньні і правапрымяняльная практыка па ўсіх аспэктах стварэньня і дзейнасьці НКА.

Дэкрэт прэзыдэнта №5 ад 31 жніўня 2015 году “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які набывае моц з 4 сакавіка 2016 году, у цэлым пакінуў ранейшы парадак атрыманьня замежных ахвяраваньняў, які вымагае іх абавязковай папярэдняй рэгістрацыі, захавалася і крымінальная адказнасьць за парушэньне гэтага парадку. У 2015 годзе адбылося зьмяненьне прававога рэгуляваньня і іншага віду замежнага фінансаваньня – міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У гэтай частцы працэдура таксама засталася ранейшай, хоць і былі зьнятыя некаторыя бюракратычныя бар'еры. У Беларусі створаны Цэнтар міжнароднай тэхнічнай дапамогі Эўрапейскага Зьвяза, а таксама прадугледжанае стварэньне Каардынацыйнага савету пры камісіі па пытаньнях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, донараў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, няўрадавага сэктара. Рэформа падатковага заканадаўства пакінула ў сіле выбарачны падыход, калі Падатковы кодэкс называе пайменна тыя НКА, ахвяраваньні для якіх выключаюцца для беларускіх донараў зь іх падаткаабкладальнай базы (пералік такіх НКА у кодэксе быў пашыраны нязначна).

Агляд адзначае, што прыняцьцё гэтых заканадаўчых новаўвядзеньняў адбылося без сапраўднага абмеркаваньня з зацікаўленымі суб’ектамі: працэс камунікацыі дзяржаўных органаў і заканадаўцаў з арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці па пытаньнях рэфармаваньня заканадаўства, што закранае іх дзейнасьць, часьцей за ўсё адбываецца ў аднабаковым фармаце, прапановы зацікаўленых НКА разглядаюцца фармальна і не ўлічваюцца ў поўнай меры.

Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў, партыяў, фондаў застаецца складаным і пакідае прастору для адвольнай адмовы ў рэгістрацыі любой новастворанай арганізацыі на малазначных падставах. Органы юстыцыі адмаўлялі ў рэгістрацыі шэрагу грамадзкіх аб'яднаньняў, якія цягам 2015 года падавалі дакумэнты для рэгістрацыі.

Захоўваецца забарона на дзейнасьць НКА безь дзяржаўнай рэгістрацыі, за якую прадугледжаная крымінальная адказнасьць па артыкуле 1931 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пакараньне да двух гадоў пазбаўленьня волі. Нягледзячы на адсутнасьць новых крымінальных справаў па гэтым артыкуле, сама наяўнасьць забароны і пагроза пакараньня істотна абмяжоўвае свабоду асацыяцыяў і магчымасьці для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Выпуск гадавых аглядаў свабоды асацыяцыяў і прававога стану некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі ажыцьцяўляецца Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтрам прававой трансфармацыі штогадова з 2007 году.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства