Круглы стол па праблемах беларускамоўнай школьнай адукацыі
Круглы стол па праблемах беларускамоўнай школьнай адукацыі у рэгіянальных гарадах Беларусі адбыўся 29 сакавіка ў Мінску. Бацькі з розных гарадоў краіны распавялі, якім чынам дамагаліся беларускамоўнага навучання для сваіх дзяцей.
Адзін з арганізатараў нефармальнага бацькоўскага сходу Уладзімір Вялічкін слушна мяркуе, распавядаючы аб праблеме Беларускаму Радыё Рацыя:
— Рэч ў тым, каб справа беларускамоўнага навучання атрымала адпаведную вагу і ўвагу з боку дзяржавы. На сённяшні дзень дзяржава ўпусціла гэты момант і толькі з-за гэтага можа страціць сваю незалежнасць. На сённяшні дзень улады гэта разумеюць і чакаюць знізу нейкага штуршка, каб была падстава сказаць, што людзі гэтага хочуць і патрабуюць. Краіне гэта трэба.
Вядомы скульптар і мастак Гэнік Лойка заклікаў бацькоў ставіць перад саюой невырашальныя задачы.
— Дапусцім, мне хочацца зрабіць у той школе, куды паступіла мая дачка і вучыцца ўжо другі год, для яе навучанне па-беларуску, паводле таго, як зроблена ў Магілёве. І я хачу, каб мая дачка была адзінай на ўсю школу, якая навучаецца на беларускай мове.
Круглы стол на тэму адукацыі па-беларуску наведалі бацькі з Менску, Гародні, Берасця й Баранавічаў. Удзельнікі дамовіліся пра каардынацыю супольных дзеянняў.