Лоеўскі раённы суд аштрафаваў фрылансера Кастуся Жукоўскага за хуліганства
28 ліпеня ў Лоеўскім раённым судзе скончыўся разгляд адміністрацыйнай справы гомельскага журналіста-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага, абвінавачанага ў хуліганстве (17.1 КаАП). Суддзя Антаніна Музычэнка пастанавіла аштрафаваць Жукоўскага на тры базавыя велічыні (63 дэмінаваных рублі). Як паведамляе Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", гэта мінімальнае пакаранне.
Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка прысутнічаў на папярэднім пасяджэнні суда ў Лоеве і праглядаў відэазапіс інцыдэнту з фрылансерам, зафіксаваны міліцэйскай камерай назірання:
-- Думаю, што суддзя сама не ўпэўнена ў тым правапарушэнні, у якім міліцыя абвінаваціла Жукоўскага. Відэазапіс дакладна паказвае, што Жукоўскі не хуліганіў. Там ёсць некаторыя прыкметы непадпарадкавання, але хуліганства дакладна няма.
Лоеўская міліцыя 21 чэрвеня затрымала Кастуся Жукоўскага разам з фрылансерам Аляксеем Атрошчанкам падчас відэаздымкаў мясцовага камбіната будаўнічых матэрыялаў.
Разбірацца з фрылансерамі спачатку прыехалі намесніца старшыні па ідэалогіі Лоеўскага райвыканкама Наталля Кавурава і кіраўніца справамі райвыканкама Ірына Пастухова. Неўзабаве туды пад’ехалі двое супрацоўнікаў ДАІ, паколькі Жукоўскі з Атрошчанкам прыехалі ў Лоеў на прыватным легкавіку. А яшчэ праз пэўны часу на службовай аўтамашыне з двума афіцэрамі прыбыў начальнік РАУС Уладзімір Бухаўцоў, запатрабаваўшы “спыніць незаконныя відэаздымкі”.
Фрылансераў затрымалі, прывезлі ў раённы аддзел міліцыі. Да Жукоўскага міліцыянты ўжывалі гвалт і нанеслі цялесныя пашкоджанні. Фрылансер з гэтай прычыны напісаў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэта, які яшчэ не скончыў праверку.
У сваю чаргу, міліцыя склала на затрыманых журналістаў-фрылансераў шэсць адміністрацыйных пратаколаў, асабіста ў дачыненні да Жукоўскага – чатыры: абраза чыноўніц райвыканкама, непадпарадкаванне і абраза першага намесніка начальніка міліцыі Генадзя Маджары, а таксама хуліганства.
Суддзя Антаніна Музычэнка тры пратаколы вярнула ў міліцыю на дапрацоўку, а на падставе чацвёртага (хуліганства) вынесла Жукоўскаму, па сутнасці, мінімальны штраф.
Кастусь Жукоўскі будзе абскарджваць яго ў вышэйшай судовай інстанцыі.