Мікалай Аўтуховіч: Нельга было кваліфікаваць дзеянні Макаева і Абрамовіча як удзел у мітынгу
Суд Аршанскага раёна і горада Оршы 29 ліпеня разгледзеў адміністрацыйную справу актывіста прадпрымальніцкага руху Аляксандра Абрамовіча. Справа Алеся Макаева сёння не разглядалася, паколькі ён не змог прыехаць у Оршу.
Абодвух вінавацяць у арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). 18 чэрвеня Макаеў і Абрамовіч правялі ў Оршы мітынг прадпрымальнікаў, на якім выказвалі нязгоду з прэзідэнцкім указам №222 і іншымі дырэктывамі, якія пагаршаюць працу індывідуальных прадпрымальнікаў.
Перад пачаткам судовага працэсу мясцовыя актывісты былі здзіўленыя тым, што ў судовай залі практычна ўсе месцы ўжо былі занятыя. Як высветлілася пазней, гэта былі працаўнікі рынку, якіх “настойліва запрасілі” прыйсці на паседжанне. У просьбе знайсці большую залю, каб на суд змаглі патрапіць усе ахвочыя, суддзя адмовіла. Сярод прысутных таксама былі заўважаныя і два супрацоўнікі КДБ, якіх апазналі прысутныя ў судзе актывісты.
Каментуючы судовае рашэнне ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які прысутнічаў на судзе адзначыў:
“Нельга было ў судзе кваліфікаваць дзеянні Макаева і Абрамовіча як удзел у мітынгу. Тады, у чэрвені, ішла праца аргкамітэта па стварэнні незалежнага прафсаюза прадпрымальнікаў, і на руках у іх былі пасведчанні сябраў аргкамітэта. Нават сведка з боку міліцыі адзначыў, што мітынгу ён не заўважыў, што Макаеў проста размаўляў з прадпрымальнікамі”.
У судовым паседжанні таксама былі апытаныя і сведкі-прадпрымальнікі, якія працуюць на рынку. Аднак у некага з іх не аказалася з сабой нават пашпарта, каб засведчыць асобу, а нехта наогул нічога не бачыў, акрамя міліцыянераў і Макаева з Абрамовічам.
Нягледзячы на гэтыя паказанні, суддзя вынесла пастанову прызнаць Аляксандра Абрамовіча вінаватым ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве і пакараць штрафам у памеры 42 базавыя велічыні. Суд над Алесем Макаевым, магчыма адбудзецца завочна праз некалькі дзён.
Агульная сума спагнанняў і штрафаў за арганізацыю мітынгаў пратэсту прадпрымальнікаў, якія прайшлі ў Менску, Барысаве, Жодзіне, Маладэчне і Баранавічах, прысуджаных Алесю Макаеву, Аляксандру Абрамовічу і некаторым іншым удзельнікам акцый складае сотні мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў.