viasna on patreon

Ігар Шуневіч і Аляксандр Канюк праігнаравалі скаргу на жорсткае абыходжанне ў зняволенні з заснавальнікамі “Платформ інавэйшн”

2016 2016-07-29T15:32:00+0300 2016-08-01T15:54:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shunievich-kaniuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Шуневіч і Аляксандр Канюк

Уладзімір Шуневіч і Аляксандр Канюк

27 ліпеня кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі атрымаў адказ на зварот у МУС і Генпракуратуру Беларусі адносна пераследу асуджаных заснавальнікаў арганізацыі “Платформ інавэйшн” Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага. Адказалі хутка - аднак у чарговы раз не па сутнасці і не самі адрасаты.

Зварот з пералікам фактаў пераследу Андрэя Бандарэнкі ў турме №4 г. Магілёва і Міхаіла Жамчужнага ў ПК-14 п. Навасады Алесь Бяляцкі дасылаў адрасна – на імя генеральнага пракурора Аляксандра Канюка і міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. Нягледзячы на гэта, адказ прыйшоў з Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, куды яго перанакіравалі абодва адрасаты:

“Ваш электронны зварот, які паступіў у Дэпартамент  выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь з Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, у інтарэсах асуджаных Бандарэнкі А.В. і Жамчужнага М.І., пакінуты без разгляду па сутнасці”.

Прычыну, па якой зварот застаўся без разгляду, праваабаронцы ўжо не раз чыталі ў адказах на ранейшыя звароты па Андрэю Бандарэнку, што накіроўвалі як да кіраўніка МУС, так і да кіраўніка ДВП МУС. Увесь час яны фармальна спасылаюцца на Закон “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў”, паводле якога “грамадзяне рэалізуюць права на зварот асабіста альбо праз сваіх прадстаўнікоў” і таму “да пісьмовых зваротаў прыкладаюцца дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы асобаў, якія звяртаюцца ад імя іншых грамадзянаў”.

Праваабаронцы ж з свайго боку даводзяць, што ў падобных сітуацыях для звароту ў кампетэнтныя органы ім не патрэбныя ніякія фармальныя паўнамоцтвы.

“Мы зноў атрымалі адпіску. Абодва органы, у якія мы звярталіся, перакінулі наш зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў – структуру, якая адказвае за забеспячэнне правоў Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага і супрацоўнікі якой іх правы парушаюць, - кажа Алесь Бяляцкі. - Адказ з Дэпартамента – адназначна адпіска, бо і нацыянальнае заканадаўства і міжнародныя нормы права ў галіне правоў чалавека дазваляюць нам звяртацца ў адпаведныя дзяржаўныя органы з такімі пытаннямі. Самае прыкрае ў гэтай сітуацыі, што няма адказу па сутнасці. Бо з той інфармацыі, якую мы атрымліваем з няволі ад сузаснавальнікаў "Платформ інавэйшн", вынікае, што на іх зараз аказваецца неправавы ціск, прадпрымаюцца дзеянні, скіраваныя на пагаршэнне іх умоваў утрымання. Відавочна, што ўсё гэта адбываецца, паколькі няма грамадскага кантроля за месцамі зняволення, і структуры, адказныя за ўтрыманне зняволеных і захаванне іх правоў, насамрэч іх правы груба парушаюць. Гэтаму спрыяе закрытасць сістэмы выканання пакаранняў, ад чаго церпяць багата хто са зняволеных”.

Па словах Алеся Бяляцкага, некаторыя прыёмы ціску турэмнай адміністрацыі, апісаныя ў лістах да сябраў “Вясны”, ён сам зведаў у калоніі.

“Апісаны, да прыкладу, Міхаілам Жамчужным эпізод пра рапарт за вынас двух кавалкаў хлеба са сталовай нагадвае мой досвед. Дакладна тое самае адбывалася са мной у 2012 годзе ў бабруйскай калоніі: хлеб выносілі ўсе, але мэтава быў пакараны толькі я, мне запісалі парушэнне правілаў унутранага распарадку за вынас хлеба з сталовай. Гэта класічны прыклад, калі ўнутраныя правілы распарадку гнюсна выкарыстоўваюцца адміністрацыяй супраць зняволеных.
Гэты ціск - арганізаваныя дзеянні адміністрацыі навасадскай калоніі і самога ДВП супраць палітычнага зняволенага Міхаіла Жамчужнага, які займае незалежную самастойную пазіцыю і спрабуе там бараніць свае правы, якія гарантуюцца яму беларускім законам. Ён падвяргаецца ціску за тое, што звяртаецца з апеляцыямі, спрабуе абскардзіць свой прысуд”. 

Кіраўнік “Вясны” і былы палітвязень падкрэслівае, што сістэма выканання пакаранняў Беларусі існуе як асобная дзяржава ў дзяржаве, яе супрацоўнікі кіруюцца сваімі меркаваннямі, ці выконваюць загады спецслужбаў і пастаянна і масава парушаюць правы зняволеных. Відавочна, што гэтая сістэма патрабуе карэннага рэфармавання.

І надалей прадстаўнікі “Вясны” будуць патрабаваць разгляду звароту па ўмовах утрымання Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага па сутнасці, таму што гаворка ідзе пра забароненае міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека жорсткае абыходжанне. Каб накіроўваць такія звароты ў  адпаведныя органы, праваабаронцам не патрэбны ніякія даверанасці, падкрэслівае юрыст арганізацыі Павел Сапелка.  

“Не трэба блытаць, як гэта робіць Дэпартамент выканання пакаранняў, абарону правоў чалавека ў выпадку іх парушэння, напрыклад, у выніку жорсткага абыходжання, і ажыццяўленне прадстаўніцтва па нейкіх іншых пытаннях, што вынiкаюць з працэсу адбыцця пакарання. Праваабаронцы не падмяняюць сабой прадстаўнікоў, юрыстаў ці адвакатаў; яны дзейнічаюць у іншай сферы - абароны асноўных правоў чалавека: права на жыццё, на свабоду ад жорсткага абыходжання або катаванняў, свабоду меркаванняў, сходаў, перакананняў і іншых правоў універсальнага характару”, - тлумачыць ён.

У падмацаванне сваіх словаў праваабаронца прыводзіць палажэнні Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, прынятай рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеі ААН ад 9 снежня 1998 года.

Артыкул 9 Дэкларацыі аб праваабаронцах прадугледжвае, што пры ажыццяўленні правоў чалавека і асноўных свабодаў кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабодаў у выніку палітыкі і дзеянняў асобных службовых асобаў і дзяржаўных органаў падаваць скаргі або іншыя адпаведныя звароты ў кампетэнтныя нацыянальныя судовыя, адміністрацыйныя або заканадаўчыя органы ці ў любы іншы кампетэнтны орган, прадугледжаны прававой сістэмай дзяржавы, якія павінны вынесці сваё рашэнне па дадзенай скарзе без неапраўданай затрымкі. Праваабаронцы маюць права прысутнічаць на адкрытых слуханнях, разбіральніцтвах і судовых працэсах з мэтай сфарміраваць сваё меркаванне пра іх адпаведнасць нацыянальнаму заканадаўству і дастасавальным міжнародным абавязкам і прынцыпам. Яны ж могуць прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства