viasna on patreon

Забойца Міхаіла Пішчэўскага пакараны 3 гадамі зьняволеньня, а выйдзе на волю праз год

2016 2016-07-29T13:51:15+0300 2016-07-29T14:03:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pishcheuski-sud.jpg
У судзе па справе Міхаіла Пішчэўскага: забойца Дзмітрый Лукашэвіч. Фота Радыё Свабода.

У судзе па справе Міхаіла Пішчэўскага: забойца Дзмітрый Лукашэвіч. Фота Радыё Свабода.

У судзе Цэнтральнага раёна Менску 28 ліпеня абвясьцілі прысуд у справе забойства гея Міхаіла Пішчэўскага.

Забойцу гея Пішчэўскага Дзьмітрыя Лукашэвіча засудзілі да 3 год пазбаўленьня волі і ўзялі пад варту ў зале суду. Суд адлічыў яму з гэтага тэрміну адзін год паводле амністыі і яшчэ амаль год, які ён ужо адбыў пад вартай падчас сьледзтва. Такім чынам, паведамляе Радыё Свабода, праз адзін год асуджаны выйдзе на волю.

Таксама ён мусіць выплаціць 20 тысяч кампэнсацыі за маральную шкоду: 10 тысяч — маці забітага і па 5 тысяч — сястры і брату.

Сястра забітага Міхаіла Пішчэўскага Тацяна і маці Валянціна кажуць, што яшчэ будуць думаць, ці абскарджваць ім прысуд.

"Што пасадзілі, гэта добра, але сумы кампэнсацыі сьмешныя. Будзем думаць",— сказала Тацяна Арэшка, сястра Міхаіла Пішчэўскага.

Напярэдадні пракурор папрасіў для абвінавачанага ў забойстве Дзьмітрыя Лукашэвіча 3 гады зьняволеньня.

Лукашэвіч прызнаў сябе вінаватым у хуліганстве, вынікам якога стала сьмерць чалавека, але адмаўляе, што ўдарыў Пішчэўскага, бо варожа ставіўся да яго як да гея.

Міхаіл Пішчэўскі памёр 27 кастрычніка 2015 году ва ўзросьце 35 год.

25 траўня 2014 году каля менскай кавярні «Андэрволд» адбыўся канфлікт, у выніку якога Міхаіла Пішчэўскага зьбіў Дзьмітрый Лукашэвіч.

Гэта другі працэс па справе аб сьмерці Міхаіла Пішчэўскага. Паводле леташняга прысуду Лукашэвіч атрымаў 2 гады і 8 месяцаў, зь якіх адбыў за кратамі амаль год і быў вызвалены паводле амністыі.

Пракуратура вярнула справу на новы разгляд пасьля сьмерці Міхаіла Пішчэўскага ў канцы 2015 году.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства