viasna on patreon

Справа Багданава: “крыміналку” ўзбуджаць не жадаюць, абяцаюць чарговую праверку

2016 2016-08-02T14:29:52+0300 2016-08-02T14:45:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bagdanava-maryia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марына Георгіеўна Багданава.

Марына Георгіеўна Багданава.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў межах маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання працягвае адсочваць акалічнасці смерці ад сардэчнага захворвання ў ізалятары турэмнай бальніцы Жодзіна жыхара Мінска Алега Багданава

Перакананая ў халатнасці медыцынскага персаналу турмы, маці Алега Марына Багданава звярнулася ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медработнікамі Жодзінскай турмы №8. Пасля правядзення праверкі, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ёй было адмоўлена. Начальнік Жодзінскага гарадскога адзела СК М. Кузняцоў паведаміў жанчыне  аб тым, што смерць Багданава А. наступіла па прычыне захворвання, якое мелася ў яго і не носіць “крымінальны” характар, абумоўлены дзеяннямі трэціх асобаў.

Пасля таго, як Марына Георгіеўна некалькі разоў звярталася са скаргамі ў розныя інстанцыі на рашэнне Жодзінскага следчага камітэта, пракуратура горада Жодзіна 13 траўня адказала маці, што праводзіцца паўторная праверка.

“У ходзе праведзенай праверкі устаноўлена, што 11 траўня 2016 года начальнікам Жодзінскага гараддзела СК Кузняцовым М. С была вынесеная пастанова ад адмене ранейшай пастановы ад 29 лютага з накіраваннем матэрыялаў для правядзення дадатковай праверкі. Пры гэтым было дадзена ўказанне ў ходзе дадатковай праверкі ў тым ліку даць юрыдычную ацэнку дзеянням службовых асоб і медыцынскіх работнікаў ПУ “Турма №8".

Паколькі такая праверка прызначаецца не ўпершыню і асабліва не спадзяючыся на яе аб’ектыўнасць, Марына Багданава звярнулася са скаргай і ў Мінскую абласную пракуратуру. Аднак скаргу, нібыта тэнісны мячык, ізноў перакінулі пракуратуру Жодзіна. Адказ, датаваны 24 чэрвеня, практычна паўтарае папярэдні:

“Па выніках праверкі пракурорам горада Жодзіна вынесеная пастанова аб адмене пастановы старшага следчага 2-га аддзялення СК Жодзіна П. Хоміча ад 20 траўня аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці вашага сына з накіраваннем матэрыяла начальніку Жодзінскага ГАСК для правядзення дадатковай праверкі”.

Звычайнаму чалавеку ад такіх адказаў – хоць упадай у адчай: “Пастанова адмяняе пастанову, а затым прымаецца новая пастанова з нагоды папярэдняй пастановы”. Тым не меней, маці не пакідае надзеі знайсці вінаватых у смерці свайго сына ў турме і такім чынам аднавіць справядлівасць.

З дапамогай адваката Марына Багданава падрыхтавала і накіравала ў Міністэрства аховы здароўя падрабязны запыт і чакае тлумачэнняў наконт правядзення дзяржаўнай медыцынскай судовай экспертызы, а таксама мае спадзяванні на вынікі новай, незалежнай экспертызы, якія неўзабаве будуць падрыхтаваныя.

Падобны шлях, даўжынёй амаль тры гады, давялося прайсці і маці яшчэ аднаго загінулага ў следчым ізалятары Мінска Жане Пцічкінай. Нядаўна Генпракуратура завяршыла расследаванне факта смерці ў СІЗА №1 Ігара Пцічкіна. Па інфармацыі ПЦ “Вясна”, крымінальная справа па прыцягненні ў якасці абвінавачанага фельчара медыцынскай часткі СІЗА №1, афіцэра міліцыі Аляксандра Крылова за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента, неўзабаве будзе накіраваная ў суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства