Суды за салідарнасць з Дзмітрыем Паліенкам
У судзе Маскоўскага раёна Менска 10 жніўня пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі салідарнасці з Дзмітрыем Паліенкам, якая адбылася каля сцен следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага 17 ліпеня.
Пратаколы правапарушэння па ч.3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) былі складзеныя на каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, актывістак Наталлю Гарачку, Вольгу Маёраву і Вольгу Нікалайчык.
Пачатак судовых працэсаў прызначаны на 9-15 раніцы.
Справу Максіма Вінярскага разглядае суддзя Таццяна Матыль, Наталлі Гарачка – суддзя Таццяна Пірожнікава, Вольгі Маёравай – суддзя Віктар Казак, Вольгі Нікалайчык – суддзя Аляксандр Петраш.
Наталлі Гарачцы вынеслі пастанову аб пакаранні штрафам у памеры 50 базавых велічынь. Вольга Маёрава таксама аштрафаваная на 50 базавых велічынь.
Максім Вянярскі пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь, а Вольга Нікалайчык на судовае паседжанне не з'явілася.
29 красавіка на экалагічнай акцыі «Крытычная маса» Паліенка і яшчэ 5 чалавек былі жорстка затрыманыя АМАПаўцамі і збітыя. Пазней супраць двух затрыманых была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 364 КК РБ — «Гвалт ці пагроза гвалту супраць супрацоўнікаў міліцыі» — нібыта аднаму з ДАІшнікаў Дзмітрый Паліенка парваў куртку. Аднаго падазронага – Стаса Канавалава, выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, Дзмітрыя ж накіравалі ў СІЗА на Валадарскага, дзе ён зараз чакае суда. Ён стойка пераносіць турэмныя выпрабаванні, не прызнае сваю віну і здавацца не збіраецца.