Справа Алега Багданава: Час сыходзіць, губляюцца доказы
Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў межах маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання працягвае адсочваць акалічнасці смерці ад сардэчнага захворвання ў ізалятары турэмнай бальніцы Жодзіна жыхара Мінска Алега Багданава.
Маці Багданава, Марына Георгіеўна, перакананая, што смерць сына магла наступіць з-за неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медработнікамі Жодзінскай турмы №8 і таму спрабуе ўзбудзіць крымінальную справу па факце смерці сына.
“Сын памёр, і ўсю адказнасць за гэта я ўскладваю на работнікаў папраўчай установы “Турма №8”, - кажа яна.
Днямі Марына Багданава накіравала чарговую скаргу, на гэты раз пракурору Мінскай вобласці, на пастанову следчага Жодзінскага ГАСК, які ізноў адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Дарэчы, праверку па факце смерці Алега Багданава праводзіў орган папярэдняга расследавання Жодзінскага ГАСК, які тройчы цягам гэтага года прымаў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.
Маці ў скарзе прыводзіць доказы, што праверка па справе праводзілася без уліку важнейшага доказу – аналізу відэазапісу падзей, якія непасрэдна папярэднічалі смерці і далейшага іх развіцця.
На яе думку, у пратаколе агляду дыска з камеры відэаназірання ўнесеныя звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Вось што паведамляе ў скарзе Багданава:
“З прагляду згаданага відэазапісу бачна, што ў камеру №107 пасля таго, як мой сын ужо знаходзіўся больш за 13 хвілін без прытомнасці, у 07:14 зайшлі фельчар Медзюшка і старэйшы па карпусному аддзяленню Куракін. Замест таго, каб адразу пачаць аказваць дапамогу майму сыну, праверыць пульс, памераць ціск і г.д. Медзюшка стаў дэталёва даследаваць змесціва поліэтыленавага пакета з лекамі сына, а Куракін стаяў у баку, нічога не зрабіўшы. Гэта адбывалася на працягу каля 2-х хвілін, у той час як мой сын ляжаў без прытомнасці. Дадзенага апісання дзеянняў Медзюшкі і Куракіна ў пратаколе агляду відэазапісу няма. І гэтыя абставіны, адпаведна, таксама не былі ўлічаны экспертнай камісіяй пры дачы заключэння.
Пасля вывучэння змесціва пакета з лекамі, як відаць з відэазапісу, Медзюшка перадаў гэты пакет некаму за рашэцістую дзверы, і толькі пасля гэтага яны з Куракіным сталі падымаць на нары Багданава А. Які далейшы “лёс” гэтых лекаў, куды яны зніклі, якія там былі лекавыя прэпараты, у якой колькасці і што мог спажыць перад смерцю мой сын - гэта орган папярэдняга расследавання наогул не правяраў, ніякія ўпакоўкі з медыцынскімі прэпаратамі ня канфіскоўваліся”.
Таксама Марына Багданава падвяргае сумненню высновы камісійнай судова-медыцынскай экспертызы, якая праводзілася ў працэсе праверкі, паколькі экспертам не былі прадстаўленыя дастатковыя для даследвання матэрыялы.
Яна перакананая што эксперты, якія ўваходзілі ў склад камісіі, самаўхіліліся ад правядзення аб’ектыўных і скурпулёзных даследванняў.
Так, у распараджэнні дзяржаўных медыцынскіх экспертаў Манышава У.І., Давыдава Р.Р. і Казака А.Л. знаходзіўся згаданы вышэй дыск з відэазапісам камеры відэаназірання, зафіксавала апошнія хвіліны жыцця майго сына і працэс правядзення з ім рэанімацыйных мерапрыемстваў. Аднак эксперты гэты запіс не праглядалі, ня аналізавалі, не даследавалі і ацэнку ўсяму зафіксаванаму не давалі. Усё тое, што адбывалася ў камеры № 107 у перыяд наступлення смерці майго сына, яны ацэньвалі толькі па тлумачэннях і сфальсіфікаваным пратаколе следчага.
Як паказала экспертыза Жодзінскага МРА ГК СЭ Рэспублікі Беларусь, смерць Багданава А. наступіла ў выніку вострай сардэчнай недастатковасці, якая развілася на фоне перарасцяжэння (дылатацыі) левага перадсерддзя і жалудачка і павышэння ціску ў лёгачнай артэрыі у сукупнасці з хранічнай сардэчнай недастатковасцю.
Гэтыя змены стану здароўя ў Багданава ўзніклі задоўга да яго смерці і вызначалі яе наступ. Аднак сярод захворванняў, якія фігуравалі ў медыцынскіх дакументах у перыяд утрымання яго ў турме, менавіта такі дыягназ адсутнічае. Такім чынам, якіх-небудзь прафілактычных і лячэбных мер у дачыненні да дадзенай паталогіі прадпрынята не было.
І яшчэ. Вынікі судова-медыцынскай экспертызы трупа і вывучэнне дадзеных відэазапісу камеры назірання выклікаюць сумневы ў заяўленым медыцынскімі работнікамі аб'ёме нібыта аказанай яму неадкладнай медыцынскай дапамогі (рэанімацыйных мерапрыемстваў). Так, на целе Багданава А. згодна з заключэннем эксперта і пратаколу агляду месца здарэння і трупа сляды пасля ін'екцыйнага ўвядзення медыцынскіх прэпаратаў адсутнічаюць. Не відаць таксама, якія канкрэтна ін'екцыі ўводзіліся.
Вось чаму у Багданавай маюцца засяцярогі, што орган папярэдняга расследвання не прыняў належныя меры каб устанавіць сапраўдныя абставіны смерці:
“У сваіх папярэдніх зваротах я прасіла орган папярэдняга расследавання правесці шэраг неабходных мерапрыемстваў з мэтай ўстанаўлення аб'ектыўнай карціны таго, што адбылося з маім сынам. Я паказвала, што час сыходзіць, губляюцца доказы. Нягледзячы на гэта, па матэрыяле практычна нічога не зроблена, што б замацаваць дадзеныя пра абставіны таго, што здарылася”.
А што гэта сапраўды так, лёгка пераканацца з тлумачэнняў службовых асобаў турмы:
з тлумачэння начальніка турмы №8 Стрэбкова Д ад 18.05.2016 (праз амаль чатыры месяцы): «карыстаючыся сваім правам, ад дачы тлумачэнняў адмаўляюся»;
З тлумачэння лекара-тэрапеўта турмы №8 Карніенкі Л. ад 18.05.2016: «...прайшло дастаткова шмат часу, нейкіх падрабязнасьцяў я магу не помніць, таму, карыстаючыся сваім правам, ад дачы тлумачэнняў адмаўляюся»;
з тлумачэння начальніка шпіталя ВУ «Турма №8» Лагунова В.М. ад 18.05.2016: «карыстаючыся сваім правам, ад тлумачэнняў адмаўляюся»;
з тлумачэння старэйшага па корпусе Куракіна Я. ад 18.05.2016: «... ад дачы тлумачэнняў адмаўляюся. Адзначу, што што-небудзь патлумачыць не магу, дэталі таго, што адбылося я ўжо не памятаю, бо прайшло дастаткова шмат часу».
Няўжо гэтыя тлумачэнні, атрыманыя праз чатыры месяцы пасля смерці Багданава, «дазволяць усталяваць ісціну па справе»?
У сувязі з вышэйпрыведзенымі аргументамі Марына Багданава просіць пракурора Мінскай вобласці адмяніць пастанову Жодзінскага ГАСК ад аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Багданава А. і неналежнага выканання прафесійных абавязкаў работнікамі ВУ "Турма №8»; распачаць крымінальную справу па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў работнікамі жодзінскай турмы, даручыўшы расследаванне іншаму органу папярэдняга расследавання; даць указанне органу папярэдняга расследавання прызначыць паўторную камісійную судова-медыцынскую экспертызу.