viasna on patreon

Затрыманаму зламалі тры рэбры ў пастарунку, а следчы адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу

2016 2016-08-30T15:06:10+0300 2016-08-30T15:08:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/katavanni-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся грамадзянін З.І., які стаў чарговай ахвярай міліцэйскага свавольства.

Ён распавёў, што 5 чэрвеня 2016 года быў затрыманы і дастаўлены ў ГАМ-1 Заводскага РУУС г. Мінска, бо знаходзіўся ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. У пастарунку затрыманы прасіў вывесці яго ў туалет, але неаднаразова атрымліваў адмову. Калі ж яго нарэшце вывелі ў туалет, З.І. вырашыў заадно папаліць. За гэты двое супрацоўнікаў ГАМ-1 яго моцна збілі, а пасля склалі два пратаколы: па арт. 17.3 КаАП "Распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення" і 23.34 КаАП "Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў", і пакінулі на суткі ў РУУС.

З.І. прасіў выклікаць хуткую, бо моцна балеў правы бок. Аднак, медыкаў так ніхто не выклікаў.

«Калі б я буяніў, можна было апрануць на мяне кайданкі і запхнуць у камеру. Усе праблемы былі б вырашаныя. Навошта трэба было ламаць мне рэбры?

Мне 55 гадоў, а супрацоўнікам каля 30, як я магу аказваць ім супраціў?» - кажа З.І.

Раніцай 6 чэрвеня затрыманага даставілі ў суд, дзе суддзя спытаў, ці ведае ён за што яго будуць судзіць. З.І. адказаў, што не ведае. Тады суддзя звярнуўся да канваіра і той патлумачыў, што затрыманы аказваў непадпарадкаванне ў пастарунку і ўжо суткі адседзеў у РУУС. Тады суд вынес пастанову аб прыцягненне З.І. да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту на адны суткі, які затрыманы і так ужо адседзеў.

А начальнікам РУУС было вынесена пастанова аб накладанне штрафу ў дзве базавыя велічыні за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы.

Пасля гэта З.І. адпусцілі дадому, а на наступны дзень ён звярнуўся ў гарадскую клінічную бальніцу №10, дзе была зафіксавана закрытая траўма грудной клеткі: пералом 8-10 рэбраў справа, удар левай паловы грудной клеткі.

З.І. напісаў заяву аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія прычынілі яму цялесныя пашкоджанні. А вынікі абследавання былі адпраўленыя бальніцай №10 у Завадскі раённы аддзел Следчага камітэта, на падставе чаго следчы Казлоўскі В.А. правёў праверку. У ходзе праверкі былі апытаныя грамадзянін З.І., а таксама супрацоўнікі РУУС, якія яго затрымлівалі, супрацоўнікі, якія афармлялі пратаколы і ўжывалі фізічную сілу да затрыманага.

Так, дзяжурны інспектар Дулуб А.І. растлумачыў следчаму, што сапраўды З.І. прасіўся ў прыбіральню, і праз некаторы час яго туды вывелі. Дзяжурны чакаў затрыманага ля ўваходу, а затым пачуў пах тытунёвага дыму, зайшоў у туалет і запатрабаваў ад З.І. спыніць паліць. Аднак, затрыманы адмовіўся ў нецэнзурнай форме, а калі Дулуб А.І. паспрабаваў сілай вывесці яго з туалета - пачаў супраціўляцца, хапацца за форменнае абмундзіраванне, хапаў за ногі інспектара, спрабаваў яго паваліць на падлогу. На шум прыйшоў памочнік дзяжурнага, які разам з Дулубам А.І. ўжылі да З.І. загіб рукі за спіну, прыціснулі да падлог, пакуль затрыманы не супакоіўся, пасля чаго адвялі ў пакой для разглядаў. Пра ўжыванне фізічнай сілы і спецсродкаў быў зроблены адпаведны запіс у журнал прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў.

Таксама былі вывучаныя запісы з камер відэаназірання, усталяваных у пакоі для разглядаў, дзе відаць, што пасля затрымання З.І. "паводзіць сябе актыўна, нешта пастаяннага кажа дзяжурнаму інспектару, махае рукамi. У 11.00 ён падымаецца з лаўкі і разам з Дулубам А.І. выходзь у калідор, які відэаназіраннем не абсталяваны, а ў 11.05 самастойна заходзіць назад, садзіцца на лаўку, пастаянна маўчыць, некалькі разоў рукой абмацвае правы бок".

І ўсё ж такі, следчы Казлоўскі В.А. прыходзіць да высновы, што "тлумачэнні З.І. супярэчаць паслядоўным, лагічным, несупярэчным і дапаўняльным адно аднаго тлумачэнням супрацоўнікаў РУУС, а таксама сабраным дакументам". І не гледзячы на тое, што прызначаная судова-медыцынская экспертыза для ўстанаўлення наяўнасці, характару і ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў у дачыненні да З.І. ня была яшчэ скончана, следчы пастанавіў адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянтаў, якія збілі затрыманага.

Цяпер З.І. разам з праваабаронцамі накіраваў скаргу на адмову ва ўзбуджэнне крымінальнай справы ў Пракуратуру Заводскага раёна г. Мінска.


У сацыяльных сетках праваабаронцы запусцілі флэшмоб #БезПраваНаРасправу і заклікаюць надаць агалоску выпадкі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў:

«У апошнія месяцы да нас усё часцей звяртаюцца ахвяры міліцэйскага свавольства і гвалту. Узгадаем тое ж уварванне ў кватэру да мінскага педыятара ды зачысткі на пешаходнай Зыбіцкай.

Але, вядома, толькі адзінкі з падобных ахвяраў адважваюцца дамагацца пакарання для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку, міліцыянеры застаюцца беспакаранымі, людзі - неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах - моцна скажонай.

Давайце разам прабіваць сцяну маўчання, страху і беззаконня!»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства