Міліцыя просіць суд арыштаваць экс-кандыдата Уладзіміра Няпомняшчых
Начальнік АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ігар Цімашэнка напярэдадні суду над экс-кандыдатам у дэпутаты Уладзімірам Няпомняшчых хадайнічае перад старшынёй раённага суда Таццянай Адрыбец аб арышце апазіцыйнага палітыка. У лісце раённага міліцыянта змяшчаецца інфармацыя, што "дадзены грамадзянін схільны да здзяйснення правапарушэнняў і маецца магчымасць меркаваць злачынстваў".
Уладзімір Няпомняшчых, вядомы сваёй майкай з надпісам “За Беларусь без Лукашэнкі” лічыць, што такім чынам яго спрабуюць ізаляваць напярэдадні прыезду Лукашэнкі ў Гомель.
"У мінулы прыезд Лукашэнкі ў Гомель мяне затрымалі ў майцы “За Беларусь без Лукашэнкі” і трымалі ў пастарунку пакуль той не з'ехаў з горада. На гэтым тыдні дыктатар зноў едзе ў Гомель, таму мяне абавязкова ізалююць. Я сабраў заплечнік, склаў цёплыя рэчы, рашэньне аб маім арышце ўжо прынята. Прыходзьце ў суд, каб паглядзець як улада распраўляецца з сваімі апанентамі”, - заявіў апазіцыйны палітык.
Суд над Уладзімірам Няпомняшчых адбудзецца 27 верасня (аўторак) у 15.30 у судзе Чыгуначнага раёна (каб. №47). Палітыка абвінавачваюць у парушэнні артыкула 23.4 “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы”, а таксама артыкула 17.1 “Дробнае хуліганства”. У сукупнасці Уладзіміру Няпомняшчых пагражае штраф ад 22-х базавых велічыняў да адміністарцыйнага арышту да 25 сутак. Палітыка затрымалі 12 верасня на прыпынку грамадскага транспарту, калі той збіраўся ехаць на мірную акцыю пратэсту ў Менск.