Маці Ігара Барбашынскага хоча даведацца, хто вінаваты ў смерці яе сына
У Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнулася па дапамогу маці Ігара Барбашынскага, які раптоўна памёр 20 верасня ў Жодзінскай турме №8.
Яна збіраецца даведацца, ці былі абставіны смерці яе сына звязаныя з неналежным выкананнем сваіх абавязкаў супрацоўнікамі турмы. Ужо было накіравана хадайніцтва ў гарадскі аддзел Следчага камітэта г. Жодзіна аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці такіх супрацоўнікаў, калі па выніках праверкі будзе ўстаноўлена іх датычнасць да смерці Ігара Барбашынскага.
Таксама маці загінулага просіць даведацца ў сувязі з чым, кім і ў які час была выклікана для яе сына ў турму “хуткая дапамога” 16 верасня 2016 года, да якой катэгорыі адносіўся выклік, што было запісана ў журнал перадачы інфармацыі пра пацыента ў амбулаторна-паліклінічную арганізацыю аховы здароўя, а таксама запатрабаваць дадзеныя пра характар і аб’ём атрыманага Ігарам Барбашынскім лячэння ў бальніцы г. Жодзіна. Усе атрыманныя звесткі яна просіць далучыць да матэрыялаў праверкі.
У інтэрв’ю Радыё “Свабодзе” маці Ігара Барбашынскага падзялілася думкамі, што сына ў турме забілі наўмысна:
“Судмэдэкспэрт, які рабіў анатамаванне цела Ігара ў Жодзіне, сказаў, што «усе органы ў яго здаровыя, няма ніякіх парушэнняў». Далейшая экспэртыза будзе рабіцца ў Менску, вынікі — на працягу месяца. Мы перапісваліся з Ігарам, але ён ня скардзіўся на здароўе, хоць у апошнім лісьце, які прыйшоў літаральна за чатыры дні да яго сьмерці, была такая фраза: «Ціск стабілізаваўся».
Ігару было 39 гадоў, ён быў здаровы, маёр у адстаўцы, займаўся спортам. Я ня ведаю, што здарылася, чаму ён рэзка схуднеў. У мяне ёсьць падазрэньне, што яго ліквідавалі, ён камусьці перашкаджаў”.
Нагадаем, у канцы сакавіка Ігар Барбашыскі разам з братам Іванам пасля наведвання начной кавярні былі затрыманы міліцыянтамі па дарозе дадому, абвінавачаны ў нецвярозым выглядзе і дастаўлены ў медвыцвярэзнік.
Назаўтра да медвыцвярэзніка хлопцамі была выклікана хуткая медыцынская дапамога, якая адвезла іх у паліклініку. Рэнтгенздымкі паказалі паломку рабрын, таксама былі зафіксаваны шматлікія гематомы. Пасля таго як случчане напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб гвалтоўным нападзе і збіцці іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх узбуджана крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 года, мужчыны былі арыштаваныя і да суда пасаджаны ў Жодзінскі следчы ізалятар.
У жніўні адбыліся тры судовыя пасяджэнні, пад час якіх абставіны справы для міліцыянтаў выглядаюць не лепшым чынам. Судовы разгляд справы да гэтага часу не скончаны, абвінавачаныя запрасілі ў суда зрабіць дадатковыя адмысловыя экспертызы, якія, на іх думку, маглі б даказаць адсутнасць гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў РАУС.
І вось адзін з братоў не дачакаўся судовага выраку — раптоўна памёр.