21-га лістапада падчас выканання сваіх службовых абавязкаў пацярпелі карэспандэнты "Газеты Слонімскай" Тацяна Плахетка і Вольга Шынкевіч(Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў").
Журналісткі былі збітыя, калі спрабавалі зафіксаваць канфлікт паміж праваслаўнымі вернікамі і наведнікамі сеансу лекавання з дапамогай народнай медыцыны, які мерылася зладзіць у адной з заляў горада заежджая лекарка. Сеанс атрымаў шырокі розгалас, і праваслаўныя вернікі царквы прападобнага Серафіма Жыровіцкага рушылі з іконамі да месца падзеяў, каб перадухіліць дачыненні жыхароў Слоніма з "бесамі". Сеанс быў сарваны, але некаторыя з яго наведнікаў патэлефанавалі ў рэдакцыю "Газеты Слонімскай" з просьбай прыехаць і "паглядзець, што адбываецца".
Фотакарэспандэнтка Тацяна Плахетка і журналістка Вольга Шынкевіч паспелі зрабіць некалькі здымкаў працэсу "выгнання бесаў", калі на іх накінуліся жанчыны ў доўгіх строях, пачалі адбіраць лічбавы фотаапарат, цягаць журналістак за валасы і біць. Адабраўшы апаратуру, жанчыны перадалі яе аднаму са святароў. Той забраў тэхніку з сабой і звёз на машыне, не гледзячы на актыўныя пратэсты журналістак. Вярнуць фотаапарат карэспандэнткам удалося толькі на наступны дзень з дапамогай супрацоўнікаў міліцыі. Але ўсе кадры, на якіх можна было разабраць твары, былі знішчаныя.
Зараз тэхніка зноў перададзеная ў Слонімскае раённае ўпраўленне ўнутраных справаў, супрацоўнікі якога збіраюцца везці яе ў Мінск на экспертызу. Медыцынскае абследаванне пацярпелых зафіксавала моцны шок у Таццяны Плахеткі і мноства сінякоў у абедзьвюх журналістак.
Міліцыя заяўляе, што займаецца расследаваннем гэтага інцыдэнту, але пакуль ніяк не каментуе яго.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"