28 лістапада, у пятніцу ў 14.00 у Полацку адбудзецца разгляд адміністратыўнай справы журналіста і праваабаронцы Валерыя Шчукіна, якога абвінавачваюць у парушэньні артыкулаў Адміністратыўнага Кодэксу – арт.166 непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі) і арт.156 (хуліганства).
26 лістапада В. Шчукін быў затрыманы ў будынку Полацкага гарвыканкаму падчас спробы сустрэцца з міністрам унутраных справаў Беларусі Уладзімірам Навумавым, які праводзіў у Полацку прыём грамадзянаў.
Пра тое, што міністар будзе прымаць грамадзянаў па асабістых пытаньнях, Шчукін даведаўся з мясцовага друку і запісаўся на прыём, а 26 лістапада даведаўся, што яго прозьвішча было выкрэсьленае са сьпісу. В.Шчукін паспрабаваў высьветліць у начальніка полацкага ГУУС прычыну адмовы, але ніякага тлумачэньня не атрымаў. Між тым спадар Шчукін планаваў задаць міністру пытаньне: на якіх падставах і паводле якіх нарматыўных актаў яго, чатыры месяцы таму, пазбавілі прапіскі, у выніку чаго ён мусіць з 29 ліпеня начаваць на чыгуначным вакзале. Відавочна, што пазбаўленьне прапіскі зьвязанае з імкненьнем уладаў не даць магчымасьці В.Шчукіна зарэгістравацца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты на будучых выбарах.
26 лістапада В.Шчукін заняў месца ў чарзе каля кабінэту, дзе адбываўся прыём грамадзянаў, але праз дзесяць хвілінаў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. В.Шчукіна даставілі ў Полацкі ГУУС, дзе на яго склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях за парушэньне артыкулаў дміністратыўнага Кодэксу – арт.166 (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі) і арт.156 (хуліганства).
28 лістапада, у пятніцу ў 14.00 у Полацку адбудзецца разгляд адміністратыўнай справы журналіста і праваабаронцы Валерыя Шчукіна.