viasna on patreon

Як бабруйскія вазочнікі пераадольваюць перашкоды Відэа

2016 2016-11-23T15:46:27+0300 2016-11-23T16:03:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fedarava--p.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Бабруйчанка Анастасія Фёдарава

Бабруйчанка Анастасія Фёдарава

Бабруйчанка Анастасія Фёдарава вырашыла прайсці маршрутам сваёй сяброўкі Кацярыны, якая жыве каля авіягарадка (вуліца Дзімітрава), а на працу дабіраецца ў сацыяльны цэнтр Ленінскага раёну (вуліца Лібкнехта). Кацярына скардзілася, што палову шляху ёй даводзіцца перасоўвацца па праезнай частцы, а нізкападлогавага аўтобуса даводзіцца чакаць вельмі доўга. Пра гэтыя прыгоды піша Бабруйскі рэгіянальны партал babruisk.by

Для здаровага чалавека шлях ад Дзімітрава да Лібкнехта пешшу займе максімум паўгадзіны, аўтобусам - хвілін 10. Але Анастасія і яе падарожнікі страцілі на дарогу больш за дзве гадзіны.

Яўген Васьковіч, стары сябар Анастасіі Фёдаравай, пагадзіўся прайсці гэты шлях у інвалідным вазку, каб адчуць дарогу так, як адчуваюць яе вазочнікі. Старт вандроўкі прызначылі на плошчы Перамогі.

Яўген сеў у просты вазок, ён рухаецца ці з дапамогай уласных рук, ці іншага чалавека, які штурхае яго ззаду. Анастасія ў электравазку. Іх суправаджаюць мясцовыя журналісты - яны робяць фота і відэа, і Віктар, сябар Анастасіі. Ён захапіў з сабой лінейку, каб мераць найбольш небяспечныя з выгляду перашкоды.

Ад плошчы Перамогі грамада рушыла да скульптуры Бабра, а далей, пераадольваючы першыя сур'ёзныя перашкоды, высокія бардзюры ля крамак на Карла Маркса - уніз, на Чангарскую. Ісці па левым баку зручна, тут дарожка выкладзена пліткай. Але калі падыходзіш да месца гандлю садавіной і гароднінай, незразумела, як пераходзіць дарогу. З усіх бакоў выязджаюць машыны, паабапал - высокія бардзюры. Анастасія і Яўген выбраліся адтуль толькі з дапамогай Віктара. Трохі ніжэй ад прадпрыемства "Універсал Бабруйск" праз пешаходную дарожку ідзе заезд на агароджаную тэрыторыю. З'езд "ахоўваюць" вялізныя бардзюры з неахайным, нібыта злепленым з пары рыдлёвак асфальту "пандусам". Вазочнікі кажуць, што спускацца тут самастойна могуць толькі самазабойцы. І зноў на дапамогу прыходзіць Віктар. Але пасля гэтай перашкоды пачынаецца незразумелая дарожка. Адчуванне, што яе рабілі разам з пандусам: проста накідалі там-сям рыдлёўкай асфальт, і трошкі прыстукнулі нагой. З-за гэтых ямін колы ў вазках круцяцца ў розныя бакі, без дапамогі выбрацца складана. Наперадзе - праезная частка, канечне, з высокімі бардзюрамі. Пераадольваюць іх дзякуючы Віктару. За гэты час хлопец паспеў намераць лінейкай бардзюры вышынёй ад 6 да 16 сантыметраў.

-Нас прапусціла машына, звярніце ўвагу, - кажа Віктар, - такое нечаста здараецца!

Далей ідзе дарога хоць і не ідэальная, але Анастасія і Яўген могуць ехаць па ёй самастойна. Там-сям трапляюцца люкі, якія "гуляюць" туды-сюды ці яміны, але сітуацыя не зусім трагічная.

Цікавае пачынаецца перад чыгуначным мастом: пад ім для пешаходаў ідзе крывая і няроўная дарожка, якая ўпіраецца ў слуп. Яўген спрабуе выехаць самастойна, дапамагае сабе трошкі нагой, і выязджае. Анастасія кліча на дапамогу Віктара.

Наступная перашкода чакае каля мастка, які ідзе праз раку Бабруйку. Там ёсць бакавіны са сходнямі, і ў гэтых месцах дарожка ідзе пад нахілам уніз - з яе лёгка можна ўпасці. Далей ідуць глыбокія ліўнёўкі, у іх таксама можна зваліцца. Анастасія кажа, што ехаць тут вельмі страшна.

-Хацелася б, каб мясцовыя чыноўнікі ўбачылі відэа, якое мы сёння зрабілі, і гэта натхніла іх на дзеянне. Бо не ўсе вазочнікі жывуць ці гуляюць толькі ў цэнтры гораду, кажа Анастасія. - Мне б наогул хацелася, каб вазочнікі і здаровыя людзі больш супрацоўнічалі паміж сабой. Разам нам прасцей будзе вырашыць праблемы.

-Вандроўка мне спадабалася, гэта цікавы вопыт, - каментуе Яўген Васьковіч. - Канешне, гэты шлях быў вельмі складаны, аднаму яго не пераадолець. Скажу шчыра, у нейкіх момантах я дапамагаў сабе нагамі, а сапраўдныя вазочнікі так не могуць зрабіць. Было на гэтым шляху некалькі сапраўды небяспечных момантаў, дзе можна было і ўпасці, і моцна пашкодзіцца, - распавядае Яўген.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства