viasna on patreon

Чатыры месяцы расеец сядзіць у ЦІПе ў чаканні дэпартацыі

2016 2016-11-23T17:17:28+0300 2016-11-23T17:22:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina-cip.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна, 36 у Мінску. Фота: svaboda.org

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна, 36 у Мінску. Фота: svaboda.org

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру «Вясна», ужо чатыры месяцы ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў змяшчаецца грамадзянін Расійскай Федэрацыі Максім Заматаеў у чаканні дэпартацыі.

Маладога чалавека затрымалі за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння, пасля чаго ў дачыненні да яго была распачатая працэдура дэпартацыі і на ўвесь гэты час яго змясцілі ў ЦІП. З 24 ліпеня 2016 Максім Заматаеў знаходзіцца ў зняволенні ў чаканні пацверджання яго асобы з боку Расійскай Федэрацыі. Аднак, улады краіны, грамадзянінам якой ён з'яўляецца, не спяшаюцца даслаць адпаведны дакумент.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу:

“У нас у краіне няма інфраструктуры для ўтрымання мігрантаў і іншых замежных грамадзянаў, у дачыненні да якіх распачатая працэдура дэпартацыі ці высылкі. І іх усіх утрымліваюць у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў альбо ў ізалятарах часовага ўтрымання, якія не прадугледжаны для доўгатэрміновага знаходжання там грамадзянаў.

Гэтыя ўстановы прадугледжанныя для кароткатэрміновага ўтрымання адміністрацыйна затрыманых, якія знаходзяцца там да суда, ці асобаў, у дачыненні да якіх вынесена такое спагнанне, як адміністрацыйны арышт.

У спецыяльных жа цэнтрах для мігрантаў павінны быць створаны ўмовы, там павінен працаваць адмысловы персанал, які валодае замежнымі мовамі.

І мы не першы раз сутыкаемся з гісторыямі, калі людзі трапляюць у  ЦІП і знаходзяцца там працяглы час у неспрыяльных умовах, без разумення сваіх правоў, без прадуктовых перадач, без адпаведнага надвор’ю адзення”.

Так, яшчэ ўлетку 2010 года ў ЦІПе утрымліваўся грамадзянін Камеруна, футбаліст нарвежскага клуба IOF Гі Франсуа Тукам. А ў маі 2014 года праваабаронцам стала вядомая гісторыя грамадзяніна Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Патрыка, які больш за паўгода знаходзіўся ў ЦІП у чаканні дэпартацыі.

"Зараз як раз абмяркоўваецца пагадненне паміж Беларуссю і Еўразвязам аб лібералізацыі візавага рэжыма, паралельна з якім можа быць падпісана пагадненне аб рэадмісіі, якое прадугледжвае вяртанне нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Еўразвяза ў Беларусь, калі яны патрапілі туды з тэрыторыі нашай краіны.

У звязку з гэтым трэба абмяркоўваць і наяўнасць ці стварэнне адпаведнай інфраструктуры для гэтага", - адзначае праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства