viasna on patreon

Актывісты распавялі пра кошт беларускай свабоды ў інфаграфіцы

2016 2016-11-29T12:05:36+0300 2016-11-29T12:10:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/infographics-tut.bybydc.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У развіццё тэмы пра тое, як дзяржава зарабляе на штрафах за ўдзел грамадзянаў у мірных сходах. Ініцыятыва "За справядлівы суд у Беларусі" і Беларускі дакументацыйны цэнтр разам з інтэрнэт-парталам TUT.BY падсумавалі прысуджаныя дэмакратычным актывістам штрафы, інфармацыя пра якія праходзіла ў СМІ з траўня 2015 года.

Дэманструемыя ўладамі "мяккія практыкі" падаўлення грамадзянскіх свабодаў, паводле іх падлікаў, прынеслі ў дзяржказну каля 55 тысяч даляраў ЗША (1 063 150 000 беларускіх рублёў да дэнамінацыі).

Актывістка Групы "За справядлівы суд у Беларусі" Людміла Кучура распавяла ў інтэрв'ю БДЦ, што аўтары ідэі не ставілі перад сабой у якасці асноўнай задачы сабраць вычарпальную інфармацыю пра штрафы, паколькі гэта наўрад ці магчыма ў сённяшніх умовах. Яны такім чынам паспрабавалі "не толькі паказаць беларусам схаваны маштаб рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне, але і ўзняць гэтую праблему на міжнародны ўзровень".

"Мы займаліся зборам інфармацыі і дакументаў ўсяго два месяцы. Мы не можам параўнаць свае сілы і магчымасці беларускай рэпрэсіўнай машыны. Мы сустракаліся з актывістамі, на якіх накладаліся спагнанні, і прасілі іх падаць дакументы. У нас не было мэты сабраць УСЁ. Гэта немагчыма ў нашых умовах. Нават тое, што зроблена, уражвае і паказвае маштаб процідзеяння невялікай групы актывістаў і дзяржавы", - патлумачыла яна.

Пытанне аб тым, ці трэба збіраць поўную інфармацыю пра штрафы, аўтары ідэі пакідаюць на вырашэнне самім актывістам і спадзяюцца на падтрымку з боку грамадства.

"Для мяне важным з'яўляецца цяпер тое, што грамадзяне не могуць рэалізаваць сваё права на свабоды, гарантаваныя Канстытуцыяй краіны. І калі мы зараз будзем маўчаць пра гэту праблему, кляп у роце будзе ва ўсіх беларусаў яшчэ доўгія гады. Калі не казаць, нас не пачуюць. І мы будзем старацца падымаць праблему справядлівых судоў і выканання Канстытуцыі краіны на ўсіх узроўнях - у краіне і за мяжой", - кажа Людміла Кучура.

Актывістка прапануе аналізаваць прадстаўленую інфармацыю і рабіць высновы.

Глядзець поўную версію інфаграфікі можна на сайце Беларускага дакументацыйнага цэнтра.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства