viasna on patreon

«Я прасіў міліцыю застрэліць мяне...» Праваабаронца Аскараў распавёў у судзе пра катаванні

2016 2016-11-29T18:23:35+0300 2016-11-29T18:28:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/askarau-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Азімжан Аскараў у судзе 8 лістапада 2016. Фота: zanoza.kg

Азімжан Аскараў у судзе 8 лістапада 2016. Фота: zanoza.kg

29 лістапада ў Бішкеку прадоўжыўся судовы працэс па пераглядзе справы праваабаронцы Азімжана Аскарава, раней асуджанага да пажыццёвага зняволення па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а таксама забойстве міліцыянтаў падчас чэрвеньскіх падзеяў 2010 года на поўдні Кыргызстана. Падсудны падчас допыту распавёў пра катаванні.

Падрабязнасці з залы суда паведамляюць інтэрнэт-рэсурсы Кыргызстана.

Адносна беспарадкаў, якія пачаліся на мосце ў Базар-Каргоне 13 чэрвеня 2010 года, падчас якіх і адбыліся забойствы супрацоўнікаў міліцыі, Азімжан Аскараў адзначыў:

"У зале суда ні адзін міліцыянт не змог паказаць на мяне канкрэтна, што я быў на месцы забойства міліцыянта. Яны не змаглі сказаць, у што я быў апрануты. Яны нібыта бачылі мяне за 200 метраў і пазналі мяне", - цытуе яго zanoza.kg

Ён падкрэсліў, што 13 і 14 чэрвеня былі чуваць стрэлы ў раёне. 15 чэрвеня ўсё было адносна ціха, і узяў фотаапарат, камеру і пайшоў здымаць тое, што адбылося.

"На адной з вуліц перада мной паўстаў старшыня раённага суда, які папрасіў не адпраўляць фатаздымкі з раёна за мяжу. Ён абвінаваціў мяне ў здрадзе і казаў, што я гатовы прадаць за грошы што заўгодна і каго заўгодна. На гэтай глебе ў нас адбылася сварка, і мы разышліся. У той жа дзень мяне забралі ў міліцыю, дзе нібыта са мной хацеў паразмаўляць нейкі начальнік. Там мяне пачалі збіваць. Я прасіў міліцыю застрэліць мяне і выдаць маё забойства з заключэннем "Застрэлены падчас уцёкаў". Але яны сказалі, калі захочуць забіць, то будуць рабіць гэта павольна", - распавёў Аскараў.

Паводле яго, забіты на мосце міліцыянт Мыктыбек Сулайманаў павінен быў страціць вялікую колькасць крыві. Але міліцыянты не знайшлі на месцы ні кроплі крыві.

"Чаму следчая група нічога не зафіксавала на месцы злачынства? Ды таму, што з мяне робяць крайняга і нікому не патрэбная праўда. У судзе, падчас абрання мне меры стрымання, мяне ніхто не слухаў і нават не даў слова. За пару хвілінаў пасадзілі мяне", - патлумачыў праваабаронца.

Ён падкрэсліў, што з абласным пракурорам размаўляў двойчы і той папрасіў яго маўчаць і нічога не казаць пра катаванні.

"Са слоў пракурора, нібыта да яго тэлефанаваў сам Азімбек Бекназараў [намеснік кіраўніка часовага ўрада Кыргызстана па пытаннях пракуратуры і фінансавай паліцыі - рэд.] і сказаў, што мяне адпусцяць праз некаторы час. Я размаўляў з амбудсменам Турсунбекам Акунам, і ён таксама абяцаў, што мяне адпусцяць", - распавёў падсудны.

Пасля допыту Азімжана Аскарава суд меў намер перайсці да даследавання матэрыялаў справы. Але адвакат падсуднага Нурбек Тактакунаў хадайнічаў пра допыт генерал-маёра і былога сябра часовага ўрада Ісмаіла Ісакава, паколькі падсудны да чэрвеньскіх падзеяў папярэджваў яго і Розу Атунбаеву аб надыходзячай разні. Але мясцовыя ўлады не рэагавалі. Акрамя таго, адвакаты папрасілі суд даць магчымасць дапытаць яшчэ аднаго экс-сябра часовага ўрада Азымбека Бекназарава, адказнага тады за сілавыя структуры, былога амбудсмэна Турсунбека Акуна і Кубатбека Байболава, які падчас чэрвеньскіх падзеяў 2010 года быў прызначаны Розай Атунбаевай камендантам Джалал-Абаду. У сваю чаргу дзяржабвінавачанне паведаміла, што суд ужо адмаўляў адвакатам у допыце Байболава і Бекназарава. У сувязі з гэтым пракуроры выступілі супраць гэтага допыту.

Выслухаўшы меркаванне бакоў, суд задаволіў хадайніцтва адвакатаў падсуднага. Але абавязаў абарону самім забяспечыць іх яўку ў суд. У выніку будуць дапытаныя Ісакаў, Байболаў і Турсунбек Акуна.

У сувязі з гэтым суд абвясціў перапынак да 6 снежня.

Нагадаем, што 21 красавіка гэтага года Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэнне па справе Азімжана Аскарава, у якім гаворыцца, што "Кыргызстан павінен зрабіць адпаведныя крокі, каб неадкладна вызваліць яго". У ліпені Вярхоўны суд Кыргызстана разгледзеў скаргу, пададзеную адвакатамі Аскарава ў адпаведнасці з артыкулам 41.2 Канстытуцыі, якая абавязвае Кыргызстан аднавіць парушаныя правы ў тым выпадку, калі міжнародныя арганізацыі пацвердзілі іх парушэнне, і накіраваў справу праваабаронцы Азімжана Аскарава на паўторны разгляд у Чуйскі абласны суд у Бішкеку, пакінуўшы прысуд аб пажыццёвым зняволенні без зменаў. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў заклікала ўлады Кыргызстана неадкладна вызваліць Азімжана Аскарава ў адпаведнасці з патрабаваннямі КПЧ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства