viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Асноўны “фактар перавыхавання” у папраўчай сістэме – гэта страх

2016 2016-11-30T12:23:59+0300 2016-11-30T12:29:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki_svaboda.org2016a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота svaboda.org

Алесь Бяляцкі. Фота svaboda.org

Першая старонка крымінальнай хронікі УУС Магілёўскага аблвыканкама паказвае дзесяць зводак з 19 па 28 лістапада. У шасці з іх фігуруюць словы “раней судзімы”. Звыклыя словы, за якімі крыецца вялікае пытанне: ці выпраўляюць людзей папраўчыя ўстановы Беларусі?

Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі – чалавек, якому не пашанцавала выпрабаваць сістэму на сабе. У 2011 годзе дзяржава фармальна прызнала яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і прысудзіла да пазбаўлення волі. Сусветная грамадскасць прызнала Бяляцкага палітвязьнем. Большую частку тэрміну ён  правёў у адной з калоній Магілёўскай вобласці – у Бабруйску.

Мы папрасілі вядомага праваабаронцу распавесці, што адбываецца ў папраўчых установах вобласці і краіны і ці патрэбныя нам такія турмы і калоніі, пасля якіх значную частку парушэнняў здзяйсняюць “раней судзімыя”.

Назва “папраўчая” тут недарэчная. Ніякай папраўчай працы там не праводзяць, хоць адпаведныя супрацоўнікі там ёсць. Усе робіцца фармальна. Лекцыі, якія былі абавязковымі для чытання, таксама спорныя. Не буду зараз абмяркоўваць тэматыку, але яны чыталіся вельмі фармальна. Звычайна гэта адбывалася ў клубе калоніі, куды зганялі некалькі атрадаў. Там магло быць і дзвесьце, і трыста чалавек.

Звычайна працягласць гэтых лекцый была 5-7 хвілін. А маглі ўвогуле проста вырашаць пытанні, звязаныя з нейкімі бытавымі рэчамі. Самі лекцыі практычна не чыталіся, што можа і добра, бо сэнсу ў іх няма. Бо гэта не размова, не індывідуальны падыход да людзей, які мусіць быць пры такой працы.

Праблема сацыялізацыі існуе, вядома. Людзі, якія сядзяць на доўгіх тэрмінах, вырываюцца з грамадства, губляюць сацыяльныя сувязі, магчымасць штосьці рабіць. Я на свае вочы бачыў, калі людзі баяліся сыходзіць з калоніі пасля працяглага тэрміну, пасля пяці год напрыклад. Бо што ім рабіць, куды ім ісці?

За гэты час свет мяняецца. Свабода – вялікае выпрабаванне для іх, бо яны не падрыхтаваныя да гэтага іспыту. Сацыяльныя сувязі абарваліся, часта людзі не мелі нават з роднымі кантактаў. Чалавека проста выпіхваюць на волю.

Прыходзілі ў калонію звесткі, што ці той, ці той ізноў былі асуджаныя да зняволення. Аднак у нас была калонія “першаходак”. Калі чалавек быў асуджаны другі раз ці ў яго была не знята яшчэ першая судзімасць, то ён трапляў ужо ў іншыя калоніі больш строгага рыжыму.

У нас утрымліваецца вельмі шмат людзей на адну калонію. У нашай, напрыклад, было каля дзьвух тысяч чалавек, перад амністыямі – да трох тысяч даходзіла. Пасля расфармавання некаторых калоніяў у Магілёўскай вобласці пераводзілі людзей.

Гэта сапраўдная задача сістэмы – проста трымаць, ізаляваць людзей.

Не праводзіць ніякай працы па рэабілітацыі, па сацыялізацыі.

Ёсць прыклад, з якога ў нашай калоніі смяяліся літаральна ўсе. Быў конкурс, калі не памыляюся, ПРАААН, які выйграла адна з няўрадавых арганізацый. Яна прапанавала падрыхтаваць 50 пасечнікаў з былых зэкаў. Ляжалі ўсе, бо ніхто нават уявіць не мог, як чалавек пасля турмы мог згадзіцца на гэтую пасеку. Бо патрэбны і грошы на гэта, і жыллё, і пэўныя ўмовы. Карацей, нешта неверагоднае.

Але ў той жа час, у калоніі была магчымасць атрымаць некаторыя прафесіі, і я лічу, што гэта добра. Гэта можна расцэньваць як сацыяльную падмацоўку, асабліва для моладзі, якая трапіла за краты пасля школы. Самая нармальная спецыяльнасць, якая была, як мне падаецца, гэта электрык. Вось у прафесійным плане сістэма захавалася і гэта добра. Сапраўды людзі навучаліся, чыталі кнігі, рыхтаваліся, здавалі іспыты. Гэта працуе. Займае чалавека, не дае яму апускацца маральна ў паэўным сэнсе.

Што датычыцца працы псіхолагаў, працы па сацыялізацыі, то тут нуль. Нават адмоўны вынік, бо трыманне людзей у такой колькасці, хоць яны і падзеленыя на атрады, але калі рэальна ў калоніі 2-3 тысячы чалавек, гэта пераўтварае прастору ў гета для зняволеных, дзе іх проста трымаюць. Ніякая псіхалагічная праца тут немагчыма, нават калі б хто і хацеў.

Трэба глядзець на досвед сучасных турмаў у іншых дзяржавах. Сучасных турмаў у Беларусі амаль не існуе, з пункту погляду тэхналогій, а не будынкаў. Апошнія гадоў 20 значна нічога ў пенітэнцыярнай сістэме не мадэрнізавалася. Турмы трэба разгружаць. Гэта адразу дазволіць  праводзіць працу таму выхаваўчаму персаналу, які ёсць зараз. Бо іх таксама нельга абвінавачваць у сённяшнім становішчы, бо ў такіх умовах выніку ад іх дзейнасці амаль няма.

Чым меньшыя турмы былі б, тым больш мажлівасцей было б для сацыялізацыі людзей. І больш чалавечыя ўмовы былі б у саміх зняволенных. Вялікі чыннік, які таксама ўплывае на чалавека ў нашай “папраўчай” сістэме – гэта тое, што за чалавека яго, па вялікім рахунку, ніхто не лічыць. Гэта злачынца, гэта крымінальнік, які не павінны мець ніякіх праў.

Толькі абавязкі. Не даюцца там правы.

Там ёсць адносіны да вязняў, як да людзей другаснай катэгорыі. Я лічу, што гэта – спадчына савецкай сістэмы, якая будавала калоніі адразу на тысячы чалавек.

Так не павінна быць.

Маленькія турмы даюць зусім іншы эфект. Я бачыў такія турмы, у Чэхіі, у прыватнасці. На сто чалавек турма там была для жанчын. Канешне, гэта патрабуе больш сродкаў. Можа не варта раўняцца на гэтую лічбу, канешне. Аднак у нас на Івацэвічах утрымлівалі  чатыры сотні чалавек. І вязень, калі трапляў пасля Івацэвічаў у нашую калонію, адзначаў, што ўмовы там лепшыя. Меньш людзей – меньш праблемаў з тым, што цябе ня лічаць за чалавека з-за таго, што “вас такіх тут шмат”.

Працу псіхолагаў трэба ставіць на зусім іншы ўзровень. Багата людзей, якія патрабуюць індывідуальнага чалавечага падыходу. Пры адсутнасці праграмы, калі чалавеку тлумачаць, што кепска, а што добра, казаць пра перавыхаванне немагчыма.

Зараз асноўны “фактар перавыхавання” у папраўчай сістэме – гэта страх. Людзей палохаюць калоніяй. Логіка такая стварыць такія ўмовы ў іх, што чалавек будзе баяцца трапіць туды другі раз. Пры гэтым багата хто з “хадакоў” на гэта не звяртае ўвагі.

Чалавек увесь час знаходзіцца ў напрузе, бо ў любы момант яго могуць пакараць ні за што, адабраць пасылкі, адабраць сустрэчы з роднымі. Элемент гвалту, прычым часта адвольнага, заўсёды прысутнічае.

Мы павінны пераймаць досвед еўрапейскіх краінаў. Але гэтаму перашкаджаюць некалькі момантаў.

Па-першае, гэта, канешне, фінансавыя ўмовы. Але на чым мы эканомім? Мы трацім грошы на ўтрыманне вялікай колькасці людзей у адным месцы, што выглядае больш танна, чым турмы з невялікай лічбай зняволенных. Аднак чалавек трапляе за краты другі, трэці раз, бо не была праведзена патрэбная праца, і мы зноў трацім грошы. Мы трацім грошы на турмы, якія зараз накіраваны на пазбаўленне чалавека ягонай годнасці. Гэта яшчэ сталінскі падыход.

Сучасны падыход да пенітэнцыярнай сістэмы патрабуе пэўных грашовых укладаў. Аднак у бачнай перспектыве гэта дало б станоўчы эфект. Зараз гэта людзі, якія нават пасля калоніі часта выключаны з эканомікі, з сацыяльнага жыцця. Калі б іх перавыхаваць, карысць была б большай, відавочна.

Па-другое, няма палітычнага жадання штосьці змяніць у існуючай сістэме. Рабіць больш гуманнымі ўмовы ўтрымання ніхто не хоча. У калоніях і турмах ёсць элемент прымусу, элемент гвалту, які маскіруецца пад распарадак дня. Выставіць спагнанне вельмі проста. Яны лічаць, што гэты інструмент – найбольш дзейсны. Супрацоўнікі гэтай сістэмы лічаць, што так і павінна быць. Яны не бачаць людзей, яны бачаць злачынцаў.

Шмат што завязана на адносінах паміж самімі супрацоўнікамі.

Я бачыў, як прыходзілі маладыя афіцэры. Яны прыходзілі нармальнымі. Тых, хто адмаўляўся ад выканання незаконных патрабаванняў, ці супраціўляўся гэтаму, сістэма проста выкідвала. Людзі працавалі два-тры гады і проста сыходзілі. Сістэма выпрабоўвае гэтых людзей, яна дае ім пазазаконныя загады. Вядзе адбор. Калі чалавек падпарадкоўваецца логіцы сістэмы, значыць ён будзе рабіць усё, што яна яму скажа. Нават калі гэта будзе негуманна ці незаконна.

Бабруйская калонія не самая горшая. Усе афіцэры і супрацоўнікі жывуць у горадзе, яны сацыялізаваныя. Гэта не закрытая прасторы недзе ў Сібіры, дзе яны тусуюцца паміж сабой і свету не бачаць. Іхнія жонкі працуюць на звычайных прадпрыемствах, дзеці ходзяць у звычайныя школы. Дзякуючы гэтаму, нашыя беларускія калоніі адрозніваюцца ад расейскіх, якія знаходзяцца недзе ў лясах. Аднак, нават нягледзячы на гэта, я вельмі рэдка сустракаў там супрацоўнікаў, якія захоўвалі сябе менавіта як людзі. Былі такія выпадкі, аднак гэта хутчэй выключэнні.

Медперсанал больш людскі. Яны звычайна працуюць яшчэ недзе ў горадзе, у звычайных установах аховы здароўя. Гэта робіць больш спагадным. Аднак сама сістэма ўсё ж робіць усё, каб чалавек пераступіў праз мяжу сваёй чалавецкасці.

Раней было яшчэ горш, калі абавязкова збівалі тых, хто толькі паступіў. Прычым гэта было не так даўно – пятнаццаць год таму. Зараз такога няма і гэта ўжо вялікі крок наперад – б’юць не ўсіх, а калі б’юць, то робяць гэта ціха і каб ніхто не бачыў.

А раней гэта было б правілам. Пэўная гуманізацыя адбылася. Аб гэтым мне распавядалі людзі, якія самі заязджалі ў калонію напачатку 2000-х і прайшлі ўсё гэта. Тады была проста вайна ў дачыненні да тых, хто паступаў. Такое ж распавядалі пра жодзінскую турму. Гэты этап мінуў. Аднак зараз прыйшла чарга вырашаць праблему сацыялізацыі тых, хто знаходзіцца за кратамі.

Магілёўская Вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства