viasna on patreon

FIDH: Андрэй Бандарэнка пад пагрозай павелічэння тэрміну зняволення ў сувязі з новымі крымінальнымі абвінавачваннямі

2016 2016-11-30T23:27:00+0300 2016-12-02T13:21:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fidh_logo_new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Парыж - 29 лістапада 2016 г.

FIDH асуджае ўзбуджэнне новай справы ў дачыненні да зняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, раней вядомага эксперта ў галіне маніторынгу месцаў пазбаўлення волі. Нягледзячы на тое, што прысуд, вынесены яму ў 2014 г., не быў звязаны з яго праваабарончай дзейнасцю, FIDH лічыць, што паўторны крымінальны пераслед з'яўляецца формай палітычна матываванага ціску, звязанага з яго ранейшай праваабарончай дзейнасцю, і заклікае да зняцця новых абвінавачваняў.

25 лістапада 2016 г. FIDH стала вядома ад яе сяброўскай арганізацыі ў Беларусі Праваабарончага цэнтру "Вясна", што 14 лістапада Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

З самага пачатку адбыцця турэмнага зняволення Андрэй Бандарэнка падвяргаўся жорсткаму пераследу з боку турэмнай адміністрацыі і асуджаных, што ў некаторых выпадках ставіла пад пагрозу яго здароўе і жыццё. Пераслед узмацніўся пасля яго пераводу ў папраўчую ўстанову «Турма №4» у Магілёве 22 снежня 2015 г.

З гэтага моманту на Андрэя Бандарэнку былі накладзеныя яшчэ тры дысцыплінарныя спагнанні, у тым ліку ён быў адпраўлены ў штрафны ізалятар. 5 мая 2016 г. Андрэй Бандарэнка быў абвешчаны адміністрацыяй «злосным парушальнікам» парадку адбывання пакарання. Парушэнні, у якіх абвінавацілі А. Бандарэнку, пацвярджаюць надуманы характар пераследу:

парушэнне графіка уборкі камеры, адмова ад уборкі прыбіральні (прызначаецца выключна з мэтай прынізіць зняволенага і таму лічыцца непрымальным для захавання годнасці зняволеных), «затрымка ў прадстаўленні» падчас уваходжання ў камеру дзяжурнага супрацоўніка;

ляжанне ў дзённы час на ложку;

ненаведванне сталовай падчас абеду з прычыны затрымкі на царкоўнай службе.

Андрэй Бандарэнка павінен быў выйсці на свабоду 31 сакавіка 2017 г. пасля заканчэння тэрміну пакарання, аднак новыя абвінавачванні супраць яго па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса могуць прывесці да паўторнага асуджэння на тэрмін да двух гадоў пазбаўлення волі.

«Тое, што да арышту Андрэй Бандарэнка займаўся маніторынгам месцаў пазбаўлення волі, дае важкія падставы меркаваць, што новыя, недарэчныя, абвінавачванні супраць яго з'яўляюцца палітычна матываванымі», - сказаў Прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.

У дадзены момант Андрэй Бандарэнка знаходзіцца ў адзіночнай камеры, ён пастаўлены на прафілактычны ўлік як «асоба, схільная да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў». Суд Ленінскага раёна Магілёва адмовіўся разглядаць скаргу Бандарэнкі на прысваенне яму гэтага статусу.

30 лістапада 2016 г. Андрэя Бандарэнку наведае яго адвакат. У гэты ж дзень у Магілёўскім абласным судзе адбудзецца касацыйны разгляд двух скаргаў Бандарэнкі на вынесеныя яму адміністрацыяй папраўчай установы спагнанні.

FIDH заклікае спыніць неабгрунтаваны і палітычна матываваны пераслед Андрэя Бандарэнкі па новых абвінавачваннях. Яго скаргі павінны быць разгледжаны, а правамернасць спагнанняў праверана з захаваннем прынцыпаў справядлівасці і аб'ектыўнасці.


Даведка

У 2011-2014 гг. Андрэй Бандарэнка кіраваў праваабарончай ініцыятывай «Платформа» (з 2012 г. - «Платформа інавэйшн»), якая займалася назіраннем за ўмовамі ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі і абаронай грамадзянскіх правоў зняволеных. Бандарэнка падаў некалькі дакладаў у міжнародныя органы па праблеме прымянення катаванняў у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі.

Андрэй Бандарэнка неаднаразова падвяргаўся ціску з боку ўладаў. Так, у 2012 годзе супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі ён быў пастаўлены на прафілактычны ўлік, што прывяло да сур'ёзных абмежаванням яго правоў і адкрытага назірання. У тым жа годзе ён атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад Генеральнай пракуратуры за ўдзел у кампаніі пратэсту супраць правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі. У 2012 г. быў у ліку іншых вядомых палітыкаў, праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў адвольна абмежаваны ў выездзе з Беларусі. У 2013 г. ён адбыў адміністрацыйны арышт за спробу арганізаваць хвіліну маўчання каля следчага ізалятара ў г. Мінску. У кастрычніку 2012 г. па пазове Міністэрства па падатках і зборах Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа» ліквідавана, яе пераемнікам стала Культурна-асветніцкая ўстанова «Платформа інавэйшн».

У жніўні 2014 г. А. Бандарэнка быў асуджаны па абвінавачванні ў хуліганстве на 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

У снежні 2015 г. умовы яго ўтрымання былі больш жорсткімі - па пастанове суда Шклоўскага раёна ён быў пераведзены для далейшага адбывання пакарання ў турму № 4 Магілёва да заканчэння тэрміну пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства