viasna on patreon

Дзмітрый Серада: Выснова пра адсутнасць падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы зроблены незаконна

2016 2016-12-30T09:03:00+0300 2017-01-13T11:21:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzmitry_serada.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

Яшчэ адну скаргу начальніку ўпраўлення Следчага камітэта на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы накіраваў урач-педыятр з Мінска Дзмітрый Серада, якога жорстка затрымалі і збілі ў яго кватэры супрацоўнікі міліцыі 4 жніўня гэтага года.

Азнаёміўшыся з пастановай, якой пасля разгляду вынікаў праверкі старшы следчы Упраўлення следчага камітэта Казлоўскі Н.Н устанавіў, што законныя падставы для яго затрымання меліся, а рашэнне аб прыцягненні да ягонага затрымання супрацоўнікаў АМАП было абгрунтаваным. Дзмітрый Середа адзначае, што абставіны следчым былі ўстаноўленыя няпоўна і аднабакова.

Так урач-педыятр ў сваёй скарзе падкрэслівае, што ён не адмаўляўся пусьціць у кватэру супрацоўнікаў міліцыі, а не выканаў указанне адкрыць дзверы, якое паступіла ад невядомых асобаў, якія не казалі, што яны з міліцыі, і адначасова разбівалі ўваходныя дзверы. Таксама ён адмовіўся праводзіць апазнанне супрацоўнікаў, якія яго збівалі, толькі таму, што фатаграфіі, якія былі прадстаўлены для гэтага, былі загадзя непрыдатнымі.

Дзмітрый Середа адзначае, што следчаму было варта больш старанна праверыць тлумачэнні неназваных ў пастанове супрацоўнікаў АМАПа, якія схавалі факт прымянення ў дачыненні да затрыманага фізічнай сілы - збіццё яго ў кватэры і па дарозе ў РУУС.

Ёсць пытанні і па заключэнні ўрача, на падставе якога лекара-педыятра без дадатковых абследаванняў «вылечылі» завочна ад страсення мозгу, а ў пастанове быў на дзесяць дзён «скарочаны» тэрмін яго непрацаздольнасці. Дзмітрый Серада настойвае на правядзенні дадатковай экспертызы па гэтым факце.

Таксама ён лічыць, што не дадзена паўнавартасная ацэнка таму факту, што яго доўгі час трымалі ў дзяжурнай частцы РУУС, тады як ёсць указанне закона на тое, што месцам утрымання падазраванага павінен быць ІЧУ.

«Адпаведна, выснова пра адсутнасць падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы зроблена, з аднаго боку - заўчасна, без усталявання шэрагу абставінаў, з другога боку - незаконна, паколькі ў аснову вываду аб правамерным характары дзеянняў супрацоўнікаў АУС пакладзены іх уласныя тлумачэнні, дадзеныя з мэтай пазбегнуць  адказнасці, якія абвяргаюцца аб'ектыўнымі доказамі.

Акрамя фізічнай і маральнай шкоды мне, маральнага - маёй сям'і, нанесена яшчэ і матэрыяльная шкода маёй маёмасці. Аб’ём гэтай шкоды следчым не ўстаноўлены і не ацэнены», - падкрэслівае ў скарзе Дзмітрый Серада.

Ён па-ранейшаму настойвае на ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі пры яго затрыманні, а таксама на правядзенні ў межах папярэдняга расследавання апазнання з прад'яўленнем вядомых следству асоб, якія праводзілі яго затрыманне, следчага эксперыменту і праверкі паказанняў на месцы, у ходзе якіх ўсталяваць і зафіксаваць пазіцыю супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і яго ўласную адносна падрабязнасьцяў затрыманьня.

Нагадаем, раніцай 4 жніўня ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконнай дзверы ў кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства