Сям'я загінулай школьніцы і ў абласным судзе не даказала, што дзяўчынка працавала на поле
Мінскі абласны суд разгледзеў касацыйныя скаргі на рашэнне Маладзечанскага суда аб адсутнасці працоўных адносін паміж загінулай падчас уборкі бульбы школьніцай і СВК "Усход-Агра». І пакінуў рашэнне без зменаў.
Паводле інфармацыі tut.by, касацыі разглядалі 26 студзеня ў Мінскаблсудзе пад старшынствам суддзі Анатоля Карповіча.
«Калегія суда згаджаецца з высновамі суда [першай інстанцыі] у тым, што ў дадзенай сітуацыі 25 артыкул Працоўнага кодэкса непрымальны, бо дзяўчынка не дасягнула 14-гадовага ўзросту. І прызнаць такія адносіны працоўнымі падстаў не маецца. <...> Рашэнне суда пакінуць без зменаў», - зачытаў суддзя.
Перад гэтым, у студзені, пракурор Маладзечанскага раёна Уладзімір Дубоўскі вынес касацыйны пратэст на рашэнне мясцовага суда аб адсутнасці працоўных адносін паміж загінулай школьніцай Вікторыяй Папчэня і СВК «Усход-Агра». Само СВК тады настойвала, што не ведала пра дзяцей, якія працуюць на поле, і не дапускала іх да працы. А прадстаўнікі сферы адукацыі тлумачылі, што вучні на полі не працавалі, а «выхоўваліся» згодна з зацверджаным у школе планам. І суд першай інстанцыі прыняў гэтыя аргументы.
Але з гэтым не пагадзіліся пракуратура і родныя дзяўчынкі. Пракуратура палічыла, што суд не ўлічыў усе факты, пацверджаныя «дакладнымі і дастатковымі доказамі». А інспектары прафсаюза РЭП дапамаглі бацьку школьніцы Алегу Папчэню скласці сваю касацыйную скаргу ў Мінскі абласны суд на папярэдняе рашэнне.
Па словах прадстаўніка істца, прававога інспектара Леаніда Судаленка, хоць суд раней даручыў правесці спецрасследаванне інцыдэнту аддзелу адукацыі Маладзечанскага райвыканкама (на дзеянні якога, уласна, і былі нараканні), аб выніках нічога не чуваць да гэтага часу.
Пасля пасяджэння Судаленка таксама дадаў, што сённяшняе рашэнне суда «стварае небяспечны прэцэдэнт» ў выкарыстанні дзіцячай працы. Хоць, па словах прававога інспектара РЭП Андрэя Стрыжака, Міністэрства адукацыі «ўсведамляе небяспеку і недапушчальнасць падобнай практыкі» - бо яшчэ за некалькі месяцаў да трагедыі яно рассылала ліст па рэспубліцы аб забароне прыцягнення вучняў да сельгасработ.