Удзельнікі лагера па абароне Курапатаў абскарджваюць дзеянні міліцыянтаў
Удзельнікі акцыі па абароне Курапатаў Алег Дашкевіч і Аляксей Клюшнічэнка з дапамогай ПЦ “Вясна” звярнуліся ў Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС з просьбай правесці праверку дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі Гарадскога аддзелу Савецкага РАУС Мінска.
23 лютага каля шасці раніцы Алега Дашкевіча, Аляксея Клюшнічэнку і Юрыя Лукашэвіча даставілі ў аддзел міліцыі. Хлопцы хацелі скласці заявы наконт начнога нападу на лагер актывістаў ля дома 53 на вуліцы Мірашнічэнка, але, па словах Алега Дашкевіча, больш чым за шэсць гадзін знаходжання ў пастарунку ім гэта так і не ўдалося.
“Толькі праз паўтары гадзіны пасля нашага звароту, то бок дзесьці з 7.30, капітан міліцыі Раманаў выклікаў мяне ў кабінет. Ён папрасіў даць тлумачэнні наконт таго, што адбывалася ноччу, і пры гэтым не спяшаўся са складаннем самой заявы. Праз некаторы час у кабінет увайшлі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія на працягу трох апошніх дзён здымалі нас на камеру ў Курапатах. Адзін з іх, маёр Кесель, загадаў Раманаву весці відэазапіс нашых паказанняў. Пасля гэтага міліцыянты адвялі мяне на другі паверх, дзе стаяў штатыў з камерай. Я вырашыў адмовіцца казаць што-небудзь на камеру і папрасіў прыбраць яе, але міліцыянты адказалі, гэта немагчыма. Тады я пайшоў на першы паверх. Маёр Кесель спрабаваў затрымаць мяне, у выніку ён спусціўся са мной уніз, дзе Аляксей Клюшнічэнка таксама паведаміў, што адмаўляецца даваць тлумачэння на камеру. Заявы аб начным нападзе без відэазапісу міліцыянты прымаць адмовіліся”.
Яшчэ праз некаторы час маёр Кесель паведаміў актывістам, што на ўсіх трох складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Міліцыянты патрабавалі падпісаць пратаколы і нагадалі пра адказнасць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. У выніку хлопцы падпісалі пратаколы, але пазначылі, што не згодныя з імі. У 12.20 яны выйшлі з пастарунку, так і не напісаўшы заявы аб нападзе.
Нагадаем, група неўстаноўленых грамадзян, колькасцю ад 15 да 20 чалавек 23 лютага пасля 3 гадзіны ночы здейсніла напад на лагер актывістаў. "Радыё Свабода" дадае, што невядомыя былі ў масках з драўлянымі завостранымі палкамі. Нападнікі лаяліся, выкрыквалі «Слава Расіі» і «Белая раса». Невядомыя разбурылі намёт, сарвалі бел-чырвона-белыя сцягі і перакулілі бочку з вогнішчам. Пры гэтым быў паранены Алесь Кіркевіч, яго ўдарылі бітай. Юрый Лукашэвіч пасля выхаду з РАУС звярнуўся ў лякарню.