Адбыўся суд за пікет каля комплексу “Дана Мол”
23 лютага ў судзе Першамайскага раёну Мінска разглядалася справа аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве дольшчыц жылога комплексу “Маяк Мінска”.
Падчас цырымоніі адкрыцця “Дана Мол” 27 студзеня Святлана Кудзіна, Юлія Раманейка, а таксама муж Святланы Павел Цітоў выйшлі на пікет супраць нізкай якасці будаўніцтва “Маяка Мінска”. Праз два з паловай тыдні ўсе яны атрымалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння.
Асноўнымі сведкамі на судовым паседжанні выступілі міліцыянты, якія знаходзіліся ў дзень адкрыцця “Дана Мол” побач з пікетоўцамі. Адвакат Святланы Кудзінай хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы відэазапісу “Радыё Свабода”, на якім начальнік мінскага АМАПу кажа, што ў дачыненні да пікетоўцаў не будзе прымяняцца ніякіх санкцый. Суддзя адхіліў гэтае хадайніцтва.
Абапіраючыся на паказанні сведак-міліцыянтаў, суд прыняў рашэнне вынесці Святлане Кудзінай папярэджанне, а Юлію Раманейку, якая не прысутнічала на паседжанні, пакараць штрафам у памеры пяць базавых велічынь.
Па словах Юліі Раманейкі, яна ўвогуле не была папярэджана пра дату разгляду справы, і таму будзе падаваць касацыйную скаргу на рашэнне суда Першамайскага раёну ў Мінскі гарадскі суд. Святлана Кудзіна таксама плануе абскарджваць судовае рашэнне. Суд над Паўлам Цітовым, які зараз знаходзіцца за мяжой, перанесены на другую палову сакавіка.