viasna on patreon

“Фарбы паралельнага свету” Мікалая Дзядка заіскрыліся ў Мінску

2017 2017-02-27T13:01:06+0300 2017-02-27T15:24:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/diadok_prezentacia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок на прэзентацыі кнігі "Фарбы паралельнага свету"

Мікалай Дзядок на прэзентацыі кнігі "Фарбы паралельнага свету"

26 лютага ў прасторы Punkt у Мінску былы палітвязень Мікалай Дзядок прэзентаваў сваю кнігу “Фарбы паралельнага свету”.

Часткова кніга была напісаная за кратамі, часткова - пасля вызваленне. У яе ўвайшло 13 апавяданняў: восемь на беларускай і пяць на рускай мове. Паслухаць выступоўцу сабралася каля 50 чалавек.

За мэту кнігі аўтар ўзяў дэсакралізаваць турэмную сістэму і ў прыватнасці метады аператыўнікаў і іншых супрацоўнікаў адміністрацыі, якімі яны працуюць са зняволенымі:

“Адзін з галоўных страхаў, якія ёсць у людзей, што трапляюць у турму, - невядомасць. Мы ўсе глядзім на міліцэйскую сістэму, якая ламае людзей, але не ведаем як яна дзейнічае.

Сарваць фіранку, паказаць, што ўсё насамрэч проста, нізменна і нічога касмічнага, звышнатуральнага ў метадах міліцыянтаў няма”.

Яшчэ адной мэтай пры напісанні кнігі Мікалай Дзядок ставіў развянчанне міфу аб тым, што самі зняволеныя больш высакародныя за міліцыянтаў і паводзяць сябе больш прымальна, больш справядліва:

“Любая іерархічная сістэма пабудавана па прынцыпе негатыўнага адбору. Галоўнымі фактарамі, каб прабіцца на верх, як ў міліцэйскай, так і ў вараўской сістэме, з’яўляецца безпрынцыпнасць, уменне падпарадкаваць таго, хто стаіць ніжэй, уменне інтрыгаваць, абавязковая агрэсіўнасць і здольнасць рызыкаваць дзеля свайго статусу. І чым вышэй мы ідзем, тым радзей мы сустракаем людей, надзеленых якасцямі чалавечымі: дабрынёй, спачуваннем, узаемнай падтрымкай, міласэрнасцю і г.д. Аб’ектыўна гэтыя якасці замінаюць паднімацца вышэй”.

Інстытут турмы – гэта толькі адзін са сродкаў падаўлення грамадства і асобы, які добра працуе толькі ў комплексе, лічыць Мікалай Дзядок. І гэтую думку ён правёў чырвонай ніткай па ўсёй кнізе.

Турма з’яўляецца найбольш канцэнтраваным адлюстраваннем таго, што мы бачым на волі, яна ідзе як бы дапаўненнем да таго, што тут адбываецца. Усе мы спачатку ідзем у школу, потым у армію, потым на працу, там на нас уздзейнічаюць пэўныя інстытуты падаўлення і эксплуатацыі, а потым калі ты выходзіш за рамкі сістэмы і супрацьпастаўляеш сябе ёй, на цябе таксама аказваецца ціск, уздзеянне і магчымасць патрапіць у турму.

І людзі, якія прыходзяць працаваць у турму і паводзяць сябе часам горш за зэкаў, што сядзяць за злачынства, выхоўваліся ў гэтым нашым грамадстве і прасякнутыя нормамі прыгнёту. Калі мы кажам пра рэфармаванне турмы, то мы павінны думаць і пра рэфармаванне ўсяго астатняга грамадства”, - адзначыў аўтар.

Метады супраціву, якія рэлевантныя ў турме, у нейкай ступені рэлевантныя і на волі. Так, як і на волі, у турме супрацоўнікі міліцыі баяцца агалошвання парушэнняў у дачыненні да зняволеных.

“Я хацеў, каб людзі, якія прачытаюць маю кнігу, разумелі, што калі чалавек трапляе ў турму – жыццё на гэтым не сканчаецца. І як пісаў у адным са сваіх артыкулаў Ігар Аліневіч: “ты прыбываеш туды не адбываць пакаранне, ты прыбываеш туды жыць”, і гэта кавалак твайго жыцця”.

Мікалай Дзядок лічыць, што адзін з галоўных метадаў супраціву – быць салідарнымі:  

“Чалавек, які хоча супраціўляцца, які хоча дабіцца нейкай справядлівасці ў турме, больш за тое, падаць прыклад астатнім, павінен памятаць, што акрамя матэрыяльшчыны, фізічных патрэб, ёсць нешта больш важнае, больш галоўнае, стратэгічнае.

Да, я зараз магу выйграць, я прамаўчу, калі б’юць кагосьці, я не паеду ў ШІЗА, застануся са сваёй перадачкай, са сваёй свіданкай. Але калі я гэта не зраблю, паступлю па-іншаму, то гэта будзе такі задзел на будучыню.

І тое ж самае можна бачыць і на волі: сёння я не пайду на плошчу, на пратэст, застануся са сваёй працай, не сяду на суткі, не атрымаю штраф, але ў будучыні дыктатура будзе толькі ўзмацняцца, гайкі будуць закручвацца, я буду праігрываць у стратэгічным плане.

Міліцыянты ў турме і ўрад на волі робяць усё, каб мы думалі аднім днём, сваімі базавымі патрэбамі. Я лічу, што ў сілах кожнага з нас гэта перабароць, пераламіць, калі мы хочам жыць на свабодзе”.

У планах Мікалая Дзядка прэзентацыя кнігі ў іншых гарадах Беларусі і замежжа.


Мікалай Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 г., асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Заводскага раёна г.Мінску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да 4,5 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 26 лютага 2015 года за некалькі дзён да вызвалення суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 

Быў вызвалены 22 жніўня 2015 г. па указе прэзідэнта.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства