Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Марш недармаедаў” у Баранавічах
26 лютага 2017 года ў Баранавічах праходзіла акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 “Марш недармаедаў”.
Высновы:
- Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). Не было гвалтоўных заклікаў ці агрэсіўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў.
- Было немагчыма ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў па прычыне адсутнасці форменнай вопраткі. Гэты факт перашкаджае высветліць, хто з’яўляецца ўдзельнікамі, а хто не; якія супрацоўнікі праваахоўных органаў і за што адказныя; застаюцца незразумелымі іх функцыі; а таксама немагчыма вызначыць да якога супрацоўніка міліцыі звяртацца ў экстрэннай сітуацыі.
- Супрацоўнікі міліцыі не выконвалі свае пазітыўныя абавязкі і пасіўна рэагавалі на спрэчкі выпадковых мінакоў з удзельнікамі акцыі. Звяртаем увагу, што згодна Кіраўніцтву БДІПЧ АБСЕ “Правы чалавека і забеспячэнне правапарадку падчас публічных сходаў”, распрацаванага спецыяльна для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, асноўныя прынцыпы аховы правапарадку падчас публічных сходаў наступныя: валоданне інфармацыяй, садзейнічанне, камунікацыя і дыферэнцыяваны падыход да ўдзельнікаў сходаў.
Метадалогія маніторынгу
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.
Папярэдняя інфармацыя
Праз інтэрнэт стала вядома, што ў Баранавічах 26 лютага 2017 года рыхтуецца сход, інфармацыя пра які шырока агучвалася ў інтэрнете, сацыяльных сетках, а таксама праз папяровыя аб’явы на вуліцах гораду.
Падчас правядзення масавага мерапрыемства 26 лютага 2017 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 3 назіральнікі, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.
Ход масавага мерапрыемства
Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:
- Масавае мерапрыемства адбывалася 26 лютага з 12:05 да 12:55. Каля 12 гадзін на месцы збора пад экранам у пачатку бульвара Хэйнола ад плошчы Леніна пачалі збірацца людзі, якім раздавалі запрашэнні на акцыю “Дзень Волі”. Каля 12:05 выступоўцы запрасілі падысці ўсіх да фантану, дзе па чарзе прамаўлялі праз гукаўзмацняльную апаратуру;
- назіральнікі налічылі каля 300 удзельнікаў. Супрацоўнікі міліцыі былі не абазначаныя, прыблізна 30 чалавек па асаблівасцях лакалізацыі, рацыях былі падобныя да праваахоўнікаў.
- некаторы час на прыпынку “пл. Леніна” не спыняўся грамадскі транспарт па незразумелых прычынах.
- апошнія 20 хвілін выступаў адбываліся паралельна з працай 2 трактароў па зачыстцы снег пад кінатэатрам “Кастрычік”.
- удзельнікі выкрыквалі лозунгі «Нет декрету №3 – Лукашенко уходи», «Жыве Беларусь!».
- з сімволікі ўдзельнікі выкарыстоўвалі балонікі, а таксама на плячах былі 3 сцягі: дзяржаўны, бела-чырвона-белы і сцяг прафсаюзаў РЭП.
- плакаты і транспаранты адсутнічалі.
- збоку натоўпу адбылося які мінімум 2 гучныя спрэчкі з людзьмі іншага меркавання, на якія супрацоўнікі міліцыі не рэагавалі.
- перашкодаў працы СМІ і назіральнікам не было, у дачыненні да назіральніцы быў грубы зварот з боку супрацоўніка ў цывільнай вопратцы.
Рэкамендацыі
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
* у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);
* выконваць пазітыўныя абавязкі па спрыянні рэалізацыі права на мірныя сходы, ахоўваць удзельнікаў ад контр-дэманстрацый;
* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;
* устрымацца ад зменаў руху грамадскага транспарту без відавочнай неабходнасці.
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.