viasna on patreon

У судзе над Міхаілам Жамчужным абвешчаны перапынак

2017 2017-03-23T12:24:25+0300 2017-03-23T12:56:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mihail_zamchuzny_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Барысаўскага раёна Мінскай вобласці 23 сакавіка ў 11.00 ў адкрытым рэжыме пачалося другое паседжанне па разглядзе справы супраць палітзняволенага Міхаіла Жамчужнага па пераводзе яго на турэмны рэжым утрымання.

Пасля пачатку працэса зняволены заявіў шэраг хадайніцтваў, якія былі часткова задаволеныя суддзёй Яўгенам Манышавым.

У тым ліку хадайніцтва аб выкліку і апытанні ў судзе зняволеных, якія сведчылі, што Міхаіл Жамчужны нібыта парушаў нейкія правілы ўнутраннага распарадку, у сувязі з чым ён прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці, а таксама аб апытанні ў судзе і супрацоўнікаў калоніі, якія складалі матэрыялы на ўсе гэтыя дысцыплінарныя спагнанні.

Міхаіл Жамчужны ў судзе
Міхаіл Жамчужны ў судзе

Акрамя таго, дагэтуль не былі разгледжаныя ў судах некаторыя скаргі на вынесеныя спагнанні, якія пісаў палітзняволены.

У сувязі з усім гэтым у судзе быў абвешчаны перапынак да 11 гадзін раніцы 21 красавіка.

Нагадаем, першае судовае паседжанне па гэтай справе адбылося 2 сакавіка на тэрыторыі калоніі і, нягледзячы на папярэдне пададзеныя заявы ў суд праваабаронцаў Паўла Сапелкі, Валянціна Стэфановіча, Алега Мацкевіча і Таццяны Рэвякі, на працэс яны не былі дапушчаны. Суддзя Манышаў матываваў адмову неабходнасцю атрымання дазволу на наведванне тэрыторыі калоніі ў Дэпартаменце выканання пакаранняў. 


Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства