Дэпутаты Сейму звяртаюцца да беларускіх уладаў з заклікам спыніць рэпрэсіі і распачаць шырокі дыялог з грамадзянскай супольнасцю Відэа
23 сакавіка ў Сейме Рэспублікі Польша адбыліся парламенцкія слуханні з удзелам прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзянскай супольнасці Беларусі. На слуханні былі запрошаныя і бралі ўдзел, у прыватнасці, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.
У Варшаву планавалася таксама запрасіць старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, старшыню Руху "За Свабоду" Юрася Губарэвіча і сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, аднак палітыкі у гэтыя дні адбываюць арышт за ўдзел у акцыі пратэсту ў Маладэчне.
Алесь Бяляцкі ў тэлефоннай размове паведаміў, што пад час слуханняў галоўная ўвага была прыцягнутая да сітуацыі ў Беларусі, якая вельмі імкліва разгортваецца ў апошні час. Польскіх дэпутатаў моцна ўразіла тое, што праваабаронцы аператыўна давалі інфармацыю пра затрыманні і пераслед удзельнікаў мірных акцый пратэсту.
Па выніках слуханняў у Сейме была прынятая рэзалюцыя па справе крызісу ў Беларусі.
“Камісія замежных спраў польскага сейму выказвае глыбокую занепакоенасць нарастаючай хваляй рэпрэсій супраць удзельнікаў грамадскіх пратэстаў – незалежных журналістаў і грамадскіх дзеячоў Беларусі”, – гаворыцца ў дакуменце.
Камісія патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага спынення пераследу і вызвалення ўсіх арыштаваных і асуджаных, а таксама выказвае салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій, іх сваякамі і блізкімі.
Алесь Бяляцкі таксама паведаміў, што Камісія замежных спраў выказала ўпэўненасць, што адзіным спосабам вырашэння грамадскага і гаспадарчага крызісу ў Беларусі з’яўляецца распачынанне дыялогу уладаў з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй.
Па словах праваабаронцы, гэты зварот быў прыняты адзінагалосна, што сведчыць пра глыбокую заклапочанасць польскіх дэпутатаў і палітыкаў пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі. Менавіта таму ў такой форме дэпутаты звяртаюцца да беларускіх уладаў з заклікам спыніць рэпрэсіі і распачаць шырокі дыялог з грамадзянскай супольнасцю.
“Удзел прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі ў працы польскага сейму мае і сімвалічнае значэнне, як праява салідарнасці з ахвярамі рэпрэсій, з усім беларускім народам пад час няпростых гадзінаў нашай гісторыі” – паведаміў Алесь Бяляцкі.