viasna on patreon

Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых праваабаронцаў

2017 2017-03-30T16:05:11+0300 2017-03-30T16:28:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/absiervatoryjapaabaroniepravaabaroncau-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

БЕЛАРУСЬ: працягваюцца рэпрэсіі і затрыманні праваабаронцаў

Парыж-Жэнева, 29 сакавіка 2017 г.

Улады Беларусі працягваюць выкарыстоўваць затрыманні з мэтай прадухілення назірання праваабаронцамі за мірнымі акцыямі пратэсту па ўсёй краіне. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH - OMCT) выказвае шкадаванне з нагоды новай серыі арыштаў, пераследу і прысудаў і патрабуе ад беларускіх уладаў вызваліць усіх затрыманых актывістаў і расследаваць паведамленні аб жорсткім абыходжанні ў дачыненні да іх.

У той час як масавыя пратэсты працягваліся па ўсёй краіне, у мінулыя выходныя былі затрыманыя некалькі праваабаронцаў, якія былі асуджаныя ў адпаведнасці з артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаванай акцыі) у адказ на іх законную дзейнасць па назіранні за дэманстрацыямі.

Сярод затрыманых - сябра праўлення Беларускага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў, які быў затрыманы 26 сакавіка за ўдзел у якасці назіральніка ў пратэстах, што праходзілі ў Віцебску 25 і 26 сакавіка 2017 года. Праз праблемы з сэрцам падчас знаходжання ў зняволенні ў яго падняўся ціск, што выклікала гіпертанічны крыз. З тых часоў Павел Левінаў знаходзіцца ў шпіталі пад пастаянным наглядам міліцыі.

Таксама ў Віцебску 26 сакавіка былі затрыманыя два сябры Праваабарончага цэнтру "Вясна" - Канстанцін Мардзвінцаў і Леанід Свецік - і прысуджаныя на наступны дзень да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 26 сакавіка ў Бярозе сябра ПЦ "Вясна" Тамара Шчапёткіна была выкліканая ў аддзяленне міліцыі, дапытаная і абвінавачаная ў "ажыццяўленні журналісцкай дзейнасці без акрэдытацыі» (артыкул 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Дата суда над ёй пакуль не вядомая. Больш за тое, у той жа дзень яе калега, таксама сябра ПЦ "Вясна" ў Бярозе, Сяргей Русецкі быў выкліканы ў міліцыю «з нагоды крадзяжу», у той час як збіраўся ехаць назіраць за дэманстрацыяй у Мінску. Ён быў затрыманы ў пастарунку ў Бярозе, але затым вызвалены без прад'яўлення абвінавачванняў.

«Улады Беларусі прымяняюць затрыманні праваабаронцаў, каб перашкодзіць ім удзельнічаць у мірных акцыях пратэсту і назіраць за масавымі парушэннямі правоў і адвольнымі затрыманнямі мірных дэманстрантаў. Свабода сходаў не падлягае пакаранню і не падлягае гандлю. Рэпрэсіі павінны неадкладна спыніцца», - заявіў прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.  

17 сакавіка ў Гомелі сябры ПЦ "Вясна" Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны, а таксама Андрэй Стрыжак (незалежны прафсаюз «РЭП») былі асуджаныя за маніторынг пратэстаў у горадзе, а Паплаўны пакараны 10 суткамі арышту. 

25 сакавіка ў Полацку сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Юрый Бельскі быў затрыманы і змешчаны пад варту за некалькі гадзін да пачатку акцыі пратэсту ў Мінску. 27 сакавіка 2017 года ён быў асуджаны да двух сутак пазбаўлення волі па абвінавачванні ў «хуліганстве». Яго вызвалілі ў той жа дзень, так як ён ужо адбыў прызначаны тэрмін.

Абсерваторыя нагадвае, што 25 сакавіка 2017 года ў офісе ПЦ "Вясна" ў Мінску і неўзабаве пасля гэтага было арыштавана не менш за 58 чалавек з розных праваабарончых групаў, якія ўдзельнічалі ў маніторынгу мірных акцый пратэсту. Падчас нападу на офіс спецпадраздзяленнем міліцыі быў збіты сябра ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка, які пазней быў шпіталізаваны з чэрапна-мазгавой траўмай.

Акрамя таго, на наступны дзень, 26 сакавіка 2017 года, у Мінску была затрыманая Таццяна Рэвяка (сябра ПЦ "Вясна" і прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека) у сувязі з яе ўдзелам у акцыі пратэсту супраць затрымання яе калегаў напярэдадні. Яна была выпушчана праз некалькі гадзін у той жа дзень. 21 сакавіка 2017 года ў Мінску быў завочна асуджаны да 13 сутак арышту кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак, які назіраў за дэманстрацыяй 17 сакавіка. У цяперашні час ён не адбывае пакаранне, паколькі адсутнічаў на працэсе; ён падаў скаргу на рашэнне суда.

«Паведамленні аб жорсткім абыходжанні з пратэстоўцамі і затрыманымі выклікаюць сур'ёзную занепакоеннасць, як і той факт, што два праваабаронцы апынуліся ў бальніцы. Беларускія ўлады павінны забяспечыць мірным дэманстрантам магчымасць рэалізаваць свае свабоды і гарантаваць іх псіхалагічную і фізічную недатыкальнасць», - сказаў генеральны сакратар OMCT Джэральд Стэйброк.

Даведка:

З пачатку сакавіка 2017 года па ўсёй краіне праходзілі мірныя акцыі пратэсту супраць прэзідэнцкага Дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", які ўводзіць падатак на беспрацоўе.

Рэакцыяй на мірныя акцыі пратэсту сталі масавыя рэпрэсіі, у выніку чаго сотні пратэстоўцаў былі затрыманыя міліцыяй. Сярод затрыманых былі праваабаронцы, журналісты і ўдзельнікі акцый па ўсёй краіне.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў была створана ў 1997 годзе FIDH і Сусветнай арганізацыяй супраць катаваньняў (OMCT). Мэтай гэтай праграмы з'яўляецца прадухіленне або спыненне выпадкаў рэпрэсіяў супраць праваабаронцаў. FIDH і OMCT з'яўляюцца ўдзельнікамі ProtectDefenders.eu, механізму Еўрапейскага Саюза па абароне правоў чалавека, які ажыццяўляецца міжнародным грамадзянскай супольнасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства