viasna on patreon

Баранавіцкі суд далучыў да матэрыялаў справы “недарамаеда” справаздачу назіральнікаў, але іх высновы праігнараваў

2017 2017-03-31T13:13:45+0300 2017-03-31T14:46:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhurauski_jauhen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Жураўскі ў баранавіцкім судзе 30 сакавіка

Яўген Жураўскі ў баранавіцкім судзе 30 сакавіка

У Баранавічах 30 сакавіка адбыўся суд над Яўгенам Жураўскім, які падчас мітынгу “недармаедаў” у Баранавічах выступіў з прамовай пра адсутнасць працы ў горадзе. Наста Лойка, якая ажыццяўляла назіранне за акцыяй і была сведкай на судзе, даводзіла, што падчас акцыі ніхто не парушаў грамадскага парадку, выступоўцы рэалізоўвалі сваё права на мірныя сходы. Аднак суддзя Аксана Копач падчас вынясення рашэння кіравалася іншымі меркаваннямі. 

Яўген Жураўскі 28 сакавіка толькі вызваліўся пасля 13 сутак арышту за ўдзел у “Маршы недармаедаў” у Мінску, як яго вырашылі пакараць і за ранейшую акцыю. 30 сакавіка яго судзілі за ўдзел у акцыі “недармаедаў”, якая праходзіла ў Баранавічах 26 лютага. Паколькі юрыст ПЦ “Вясна” Наста Лойка разам з яшчэ двума назіральнікамі вялі маніторынг гэтай акцыі, хлопец заявіў яе сведкай на судзе.

“Я ўдзельнічала ў назіранні за акцыяй 26 лютага ў Баранавічах і бачыла, як  выступаў Яўген. Таксама па яго хадайніцтву да матэрыялаў справы суддзя далучыла нашу справаздачу па выніках маніторынгу гэтай акцыі. Я казала суду пра тое, што акцыя была мірнай і грамадскага парадку ніхто не парушаў, што Яўген рэалізоўваў сваё права на мірныя сходы, аднак мае довады суддзя праігнаравала. Відавочна, што фармальна на яе рашэнне паўплывала тое, што Яўген ужо сядзеў “суткі” - за ўдзел у мінскім “Маршы недармаедаў”, а таксама пасля налёту на панк-канцэрт у  мінскім клубе “Піраты” ў 2015 годзе”, - распавяла Наста Лойка.

Адвакат Жураўскага ў судзе прасіў спыніць справу праз адсутнасць складу адміністрацыйнага правапарушэння і спасылаўся на тое, што актывіст не ведаў пра забарону на правядзенне мерапрыемства, тым больш, што супрацоўнікі міліцыі, якія прысутнічалі на акцыі і здымалі ўсё на відэакамеру, не патрабавалі, каб людзі разыйшліся.  

Аднак суддзя Аксана Копач не прыняла пад увагу і довады адваката. Яна прызнала Яўгена Жураўскага вінаватым па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП і пакарала адміністратыўным арыштам на 5 сутак. З суда актывіста даставілі ў ІЧУ для адбыцця пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства